Стваральнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павал Лібер перакананы, што перамены ў Беларусі непазьбежныя, але не рызыкуе называць нейкія часавыя прамежкі.
Поўную вэрсію відэаінтэрвію глядзіце на Youtube-канале Радыё Свабода.
«Я веру ў перамены. Гэта адбудзецца хаця б таму, што гэта натуральная эвалюцыя. Дзесьці яна адбываецца марудней, дзесьці хутчэй. Ня факт, што ўсё адбудзецца пры маім жыцьці. Але ўкладвацца ў гэта я лічу вельмі важным».
Лібер лічыць, што перамены будуць магчымыя тады, калі ў Беларусі сфармуецца сьвядомая грамадзянская супольнасьць.
«Людзі, якія будуць сьвядома да гэтага ісьці і разумець цану перамен. Яшчэ застаецца нейкі інфантылізм, чаканьне, што зьявяцца людзі, якія ўсё зробяць за нас. А калі не робяць, то ай-яй-яй. Маўляў, Ціханоўская кепская, што не зрынула Лукашэнку. Людзі не павінны мысьліць такімі крытэрыямі», — лічыць Лібер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь ужо не ІТ-дзяржава». Павал Лібер аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларускія айцішнікіНа пытаньне, ці будуць перамены ў Беларусі пасьля адстаўкі ці сьмерці Лукашэнкі, суразмоўца адказвае, што не.
«Не, натуральна, адразу ўсё не зьменіцца. Гэта доўгі працэс мэнтальных зьменаў. У мяне нядаўна была цікавая размова ў Нямеччыне, з такім think tank (аналітычным цэнтрам. — РС), які вывучаў увесь рэгіён. Я расказваў, што мы ствараем плятформу, будуем лічбавае грамадзтва, і ці ёсьць Лукашэнка, ці няма, усё адно гэта важна. Мы спадзяёмся, што пройдзе гадоў 5-6 — і людзі пачнуцца пачнуць браць адказнасьць за свае рашэньне. Мне адказалі, што вы ўсё робіце правільна, толькі пройдзе ня 5-6 гадоў, а 20-30 гадоў».
У якасьці прыкладу Ліберу прывялі досьвед іншых постсацыялістычных краін, дзе перамены адбыліся дастаткова даўно.
«Нават у самых прагрэсіўных краінах можна ўбачыць элемэнты „саўка“. Драматычныя мэнтальныя зьмены адбываюцца доўга. „Савок“ даўно разваліўся, а яго наступствы адчуваюцца і цяпер».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лібера, Жываглод, Дабравольскага і Марыніча будуць завочна судзіць за тое, што «перашкаджалі выбарам»Павал Лібер лічыць, што Лукашэнка ня ўмее карыстацца інтэрнэтам. І ў гэтым можа быць адна з прычын праблемаў беларускага грамадзтва.
«Я думаю, што яму прыносяць, як і Пуціну, „у папачках“. Хто першым з тэчкай прыбег, той і перамог у гэтай гонцы. Магчыма, Коленька яму нешта расказвае».
Што тычыцца пэрспэктываў вяртаньня ў Беларусь, то суразмоўца Свабоды кажа, што без фармаваньня грамадзянскай супольнасьці гэта немагчыма.
«Бяз гэтага мы наўрад ці зможам вярнуцца. Ці калі вернемся, то можам пабудаваць новы лукашызм цягам пяці наступных гадоў», — лічыць Лібер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Лібер: у якой стадыі новыя пашпарты, ці застаецца Беларусь ІТ-дзяржавай і калі пачнуцца перамены