Стваральнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» цягам больш як 15 гадоў адпрацаваў у кампаніі EPAM. У размове са Свабодай ён расказаў, зь якімі праблемамі сёньня сутыкаецца рынак ІТ у Беларусі.
Поўную вэрсію відэаінтэрвію глядзіце на Youtube-канале Радыё Свабода.
«Мне здаецца, што Беларусь — гэта ўжо не ІТ-дзяржава. Адбыўся вялізны адток спэцыялістаў, кампаній і кліентаў. Гэта важна разумець. Усё ж ІТ — гэта пра людзей. Калі ёсьць таленавітыя людзі, то ўваходзяць і праекты, і кліенты, і праца, і грошы, і інвэстары. Сёньня ў Беларусі створаны ўмовы, калі нармальным інвэстарам ня хочацца прыходзіць. Кампаніі вывезьлі частку сваіх супрацоўнікаў, і супрацоўнікаў узроўню «старшы спэцыяліст і вышэй».
Ён кажа, што ў Беларусі ўсё яшчэ засталіся прадуктовыя кампаніі, якім ня так важны кліент з-за мяжы, а таксама частка вялікіх кампаній, якія ня могуць цалкам вывезьці ўсіх сваіх супрацоўнікаў.
«Пры гэтым адбылося моцнае вымываньне чалавечага капіталу. Аж да таго, што Белстат закрыў статыстыку аб выезьдзе спэцыялістаў. І сёньня эўрапейскія і амэрыканскія кліенты зь вялікай неахвотай ідуць у наш рэгіён. Ня ідуць ня толькі ў Беларусь, але і ў Расею, бо яна агрэсар у вайне, і ва Ўкраіну, бо ўсе разумеюць, што ёй цяжка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лібера, Жываглод, Дабравольскага і Марыніча будуць завочна судзіць за тое, што «перашкаджалі выбарам»Праз вымываньне чалавечага капіталу і патэнцыялу, можна казаць, што ІТ перажывае вельмі цяжкія часы, перакананы Лібер.
«Прыходзяць расейскія кліенты, прыходзяць часткова з арабскіх краінаў, яны менш разборлівыя ў пляне міжнароднай сацыяльнай адказнасьці. Але маштаб зусім ня той».
Пры гэтым беларускія ВНУ, перакананы суразмоўца, працягваюць выпускаць неблагіх ІТ-спэцыялістаў.
«Джуніёры выходзяць, але працы для іх нашмат меней. Запыт унутры Беларусі для працы джуніёра вельмі вялікі. Сёньня ва ўсім сьвеце ня вельмі добрая макраэканамічная сытуацыя. Буйныя кампаніі менш трацяць на ІТ, колькасьць рабочых месцаў зьменшылася, у многіх кампаніях ідуць звальненьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 важных падзей, які чакаюцца ў Беларусі ў 2024 годзеНа думку Паўла Лібера, траты на ІТ паўсюль зьменшыліся.
«Калі год назад буйныя кампаніі трацілі 6-7%, то сёлета — 2-3%. Гэта вялікае зьмяншэньне сродкаў. Усе спрабавалі перачакаць 2023 год, бо вайна, эканамічныя праблемы, незразумела, што будзе далей. Магчыма, кампаніі будуць траціць больш, а можа, усё застанецца, як раней».
Што тычыцца новага кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Аляксандра Базанава, то Лібер яго ўвогуле ня ведае. А таму, што былы кіраўнік Усевалад Янчэўскі выехаў у ААЭ, не зьдзіўляецца.
«Калі ў ПВТ пачаліся праблемы, то я чакаў, што Янчэўскі паспрабуе адтуль уцячы. У нейкі момант праблему стала цяжка прыкрываць. А калі так адбываецца, то ў Беларусі пачынаецца пакараньне невінаватых і ўзнагарода тых, хто ня мае дачыненьня. І Янчэўскаму было бясьпечней ад гэтага адмежавацца», — лічыць Павал Лібер.