Сустрэча прайшла ў офісе мэра, Сьвятлана Ціханоўская падзякавала мэру за падтрымку рэпрэсаваных беларусаў.
Сьвятлана Ціханоўская прапанавала мэру правесьці сумесную інфармацыйную кампанію ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітвязьняў, запрасіла далучыцца да Дня Салідарнасьці зь Беларусьсю 25 сакавіка, а таксама ўзьняла пытаньне выдзяленьня памяшканьняў для беларускіх арганізацый, ініцыятываў, у тым ліку беларускага тэатру, школы, мастацкай галерэі. Таксама яна папрасіла працягнуць праграму падтрымкі беларусаў, рэпрэсаваных сем'яў па забесьпячэньні іх жытлом, наколькі гэта будзе магчыма, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская папрасіла мэра дапамагчы з падрыхтоўкай кадравай рэзэрвы для новай Беларусі, каб беларусы маглі прайсьці стажыроўкі ў гарадзкіх установах, і папрасіла арганізаваць стыпэндыю для беларускіх культурных дзеячоў, як гэта зроблена ў іншых гарадах Польшчы, каб даць магчымасьць вядомым культурным дзеячам працаваць у Варшаве.
«Новы ўрад Польшчы разумее сытуацыю ў Беларусі. Міністар Сікорскі супрацьстаіць дыктатуры шмат гадоў. Чаго мы хочам цяпер — гэта больш рашучасьці ў дзеяньнях», — сказала Сьвятлана Ціханоўская на брыфінгу па выніках сустрэчы. Яна нагадала, што за апошнія 3 гады было распачата шмат добрых ініцыятываў, але ня ўсе даведзеныя да канца. Гэта тычыцца і санкцыйнай палітыкі, і прыцягненьня да адказнасьці, і лабіяваньня інтарэсаў беларусаў ня толькі ў Польшчы, але і на міжнароднай арэне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі сустрэўся зь Ціханоўскай
«У Польшчы рабілася і робіцца шмат, але трэба больш ангажаваньня ўладаў у беларускім парадку дня», — сказала лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі.