У судзе над беларусам, які стаў прычынай сьмяротнага ДТЗ у Познані, выступілі экспэрты. Што яны сказалі

Дарожны знак

У Познані працягваецца суд над грамадзянінам Беларусі Аляксандрам С., які за рулём Uber летась зьбіў на пераходзе 27-гадовую раварыстку.

9 лютага 2023 году на вуліцы Дамброўскага ў Познані 27-гадовая раварыстка пераяжджала дарогу празь пераход з адмысловай зонай для раварыстаў, нагадвае Most Media. У дзяўчыну ўрэзаўся аўтамабіль Uber, якім кіраваў 35-гадовы грамадзянін Беларусі. Уратаваць яе не ўдалося.

Суд над беларусам распачаўся ў сьнежні. Цяпер на пасяджэньні заслухалі экспэртаў.

Паводле інфармацыі Radio Poznań, экспэрт Гжэгаж Альбрэхт паведаміў, што для таго, каб своечасова зрэагаваць, кіроўца павінен быў ехаць з хуткасьцю 35 кілямэтраў на гадзіну. Дапушчальная хуткасьць на дарозе складала 50 км/гадзіну, але ў тых умовах бачнасьці яна не адпавядала ўмовам бясьпекі.

Разам з тым экспэрт прыйшоў да высновы, што раварыстка магла заўважыць, што кіроўца не тармозіць, і спыніцца самастойна.

Экспэртыза выявіла, што ў момант ДТЗ абвінавачаны знаходзіўся пад узьдзеяньнем марыхуаны, ступень наркатычнага ап'яненьня адпавядала больш як 0,5 праміле алькаголю. Забароненае рэчыва ў крыві павялічвае час рэакцыі, можа скажаць ацэнку адлегласьці, паведаміў суду экспэрт Артур Цяжык.

Вэрсія кіроўцы

У таксі Аляксандар прыйшоў незадоўга да трагедыі. У дзень аварыі была толькі чацьвёртая яго зьмена. Сам ён кажа, што да таго моманту яшчэ ня вывучыў горад, перасоўваўся з дапамогай навігатара і ня ведаў, у якім месцы пешаходы і раварысты пераходзяць дарогу. А на вуліцы Дамброўскага, дзе здарылася сьмяротнае ДТЗ, быў упершыню.

У той дзень ён рабіў другую сваю паездку з пачатку зьмены, забраў пасажыраў з вакзалу — гэта былі яго знаёмыя беларусы. Незадоўга да пераходу машына заглухла, і ён націснуў на газ, каб завесьціся. Па словах беларуса, ён быў уважлівы, але дапусьціў, што ягоную ўвагу мог адцягнуць навігатар або пасажыры. Паводле кіроўцы, ён ехаў з хуткасьцю 50–60 км/гадзіну.

Ня выключана, што суд прыме рашэньне правесьці экспэрымэнт, каб зразумець, ці была ў кіроўцы магчымасьць пазьбегнуць сутыкненьня.

Паўторны арышт

Аляксандра затрымалі летась у лютым, адразу пасьля ДТЗ. У жніўні судзьдзя прыняў рашэньне вызваліць яго да суду пад падпіску пра нявыезд, бо да таго моманту ў справе былі сабраныя ўсе доказы. Аднак пры кантролі месца яго знаходжаньня высьветлілася, што Аляксандар зьехаў у Шчэцін. Там яго паўторна арыштавалі.

За ДТЗ са сьмяротным вынікам, учыненае пад узьдзеяньнем наркотыкаў, беларусу пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У калядную ноч здарылася аварыя ў Барысаве: загінуў чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ДТЗ пад Вільняй загінуў беларускі палітуцякач, былы баец палку Каліноўскага