З 6 гадзін раніцы 8 студзеня па ўсёй Ўкраіне абвясьцілі паветраную трывогу праз актыўнасьць расейскіх бамбавікоў Ту-95МС і зьнішчальнікаў МіГ-31К.
У большасьці ўкраінскіх гарадоў пашкоджаньні атрымалі цывільныя інфраструктура і жылыя дамы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская армія зноў абстраляла Херсон, загінулі чацьвёра мірных жыхароўНайбольш пацярпела Днепрапятроўская вобласьць
У Крывым Рогу, родным горадзе ўкраінскага прэзыдэнта, расейцы зьнішчылі гандлёвы цэнтар і пашкодзілі два дзясяткі прыватных дамоў. Аскепкавыя раненьні атрымаў 58-гадовы мужчына.
Як паведаміў мэр горада Аляксандар Вілкул, дадатковыя праблемы ў горадзе стварылі экстрэмальныя ўмовы надвор’я. Без электрычнасьці засталіся 15 тысяч спажыўцоў, некалькі кацельняў і станцый забесьпячэньня вадой працуюць на рэзэрвовых генэратарах.
Паводле ўладаў Днепрапятроўскай вобласьці, у Крывароскім раёне ў выніку загінула 62-гадовая жанчына.
У Новамаскоўску выбуховая хваля перакуліла маршрутку, якая ехала, пашкоджаньні атрымалі тры адміністрацыйныя будынкі і адзін пяціпавярховы жылы дом.
«У горадзе, папярэдне, 24 пацярпелых, у тым ліку пяцёра дзяцей. Усе ў лякарні ў стане сярэдняй цяжкасьці», — паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак.
Па Запарожжы Расея нанесла 5 ракетных удараў
Як паведамілі ў Запароскай гарадзкой радзе, у выніку расейскай атакі раненьні атрымалі чатыры мясцовыя жыхары — адзін чалавек у цяжкім стане і адзін у сярэднім. Іншыя адмовіліся ад шпіталізацыі.
У выніку атакі пацярпелі дзевяць шматпавярховікаў і шэсьць прыватных дамоў.
Харкаў і вобласьць знаходзяцца пад сталым агнём расейцаў
Некалькі дзён запар Расея атакуе Харкаў і Харкаўскую вобласьць. 8 студзеня толькі на абласны цэнтар прыпала ня менш за чатыры ракетныя ўдары. Пашкоджаньні атрымалі прадпрыемства і адукацыйная ўстанова. Пакуль ёсьць інфармацыя толькі пра аднаго пацярпелага.
У горадзе Зьмяёў расейскія вайскоўцы разбурылі прыватны дом. Выратавальнікі вызвалілі з-пад завалаў двух чалавек. Пазьней паведамілі, што адна жанчына, якую заблякавалі завалы, загінула.
Некалькі выбухаў адбылося і ў Хмяльніцкай вобласьці. На месцах удараў працуюць ратавальнікі і паліцыянты. Інфармацыю аб пацярпелых удакладняюць.
Расея атакавала амаль 60 ракетамі і дронамі
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай 8 студзеня Расея запусьціла па Ўкраіне 8 бесьпілётнікаў (зь Белгарадзкай вобласьці) і 51 ракету (зь Белгарадзкай вобласьці, Разані, Тамбову і Крыму).
Украінскія супрацьпаветраныя сродкі зьбілі ўсе бесьпілётнікі і 18 крылатых ракет.
У Міністэрстве абароны Расеі традыцыйна паведамілі, што раніцай 8 студзеня нанесьлі ракетны ўдар «па вайсковых аб'ектах Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абстраляла большую частку тэрыторыі Ўкраіны. Гэта найбуйнейшая атака за апошнія некалькі месяцаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.