Хуткасьць — тры кіляграмы за гадзіну. Як беларус адкрыў пяльменную і гатуе там паводле хатніх рэцэптаў

Іван Галкоўскі

Расказваем гісторыю Івана Галкоўскага, які на радзіме нават ня думаў, што будзе зарабляць кулінарыяй.

Іван Галкоўскі пасьля пераезду ў Польшчу сам ляпіў пяльмені дома на кухні і прадаваў іх цэлы год. Нядаўна адкрыў у Варшаве пяльменную. У ягонай рэстарацыі ніхто ня мае кулінарнай адукацыі. Усё гатуюць паводле яго уласных рэцэптаў.

Беларус Іван Галкоўскі ў Польшчы стварыў бізнэс па вырабе пяльменяў

Мара пра ўласную пяльменную зьявілася ва Ўкраіне

Івану 40 гадоў. Паходзіць з Ваўкавыску, жыў у Віцебску, потым у Менску. Мае эканамічную адукацыю ў дарожнай галіне, скончыў БНТУ. Па спэцыяльнасьці не працаваў. Меў сваю фірму продажу лямпаў і жырандоляў. У пачатку 2021 году адседзеў «суткі». Потым ва ўладаў узьніклі пытаньні да ягонага ІП. Іван ня стаў чакаць, чым гэта скончыцца, і паехаў у Варшаву ў жніўні 2021 году.

Іван Галкоўскі

Спачатку працаваў кур’ерам. Зарабляў 1000-1250 даляраў у месяц. Кажа, што некаторыя працуюць на скутэры па 14 гадзін на дзень і зарабляюць пад 4 тысячы даляраў.

«Да гэтай працы можна адразу прыступіць, нават ня трэба ведаць мову», — тлумачыць Іван выбар сфэры.

Выраб пяльменяў

Празь нейкі час пачаў ляпіць дома пяльмені на продаж.

«Калісьці даўно я быў ва Ўкраіне, у Чарнаўцах. Там зайшоў у пяльменную, дзе падавалі толькі пяльмені, досыць танная кавярня. Мне гэта спадабалася, і я думаў, што калісьці адкрыю такую ў Менску», — расказвае Іван, як усё пачыналася.

Выраб пяльменяў

«Мы ў студэнцтве зьбіраліся ў інтэрнаце і ляпілі пяльмені»

Калі ён прыехаў, у Польшчы складана было купіць звыклыя для беларусаў пяльмені ў краме. Некаторыя імігранты тады ўжо пачыналі прадаваць хатнія пяльмені праз Facebook, але рынак яшчэ быў невялікі.

Пяльмені Івана Галкоўкага

«Я зразумеў, што час зьмяняць род дзейнасьці і пачынаць ляпіць пяльмені. Чым і займаўся потым год на ўласнай кухні. Спачатку ляпіў адзін. Трэба было зразумець густ людзей і ўвогуле, ці спадабаецца гэта камусьці яшчэ, апрача мяне і маёй сям’і», — расказвае суразмоўца.

Гатовы прадукт

Кулінарнай адукацыі ў Івана няма, але гэта яму не перашкодзіла. Ён кажа, што заўжды гатаваў дома, таксама раней глядзеў расейскую тэлеперадачу «Смак» з Андрэем Макарэвічам.

«Я ж ня першы раз рабіў пяльмені. Мы яшчэ ў студэнцтве зьбіраліся ў інтэрнаце кампаніяй тры разы на год і ляпілі... Прыйшоў час і іншых людзей пакарміць», — кажа ён.

Рэцэпт быў звычайны, які застаўся зь юнацтва. Спачатку проста купляў у краме мясны фарш. Потым стаў сам малоць дома мяса. Складнікі крыху зьмяняў пад густ кліентаў.

«Хтосьці з кліентаў казаў, што хацелася б больш солі, хтосьці — каб менш прыправаў. Так выйшлі на такі смак, які амаль што ўсім падабаецца», — мяркуе пяльменны майстар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку 2023 году беларуская эканоміка страціла амаль 25 тысяч працаўнікоў

Тры кіляграмы за гадзіну

Сакрэт смачных пяльменяў, паводле Івана, просты: рабіць з добрых якасных інгрэдыентаў, правільна выбіраць мяса, браць ня самую танную муку патрэбнага гатунку.

«Я розную муку спрабаваў. Напрыклад, у Польшчы ёсьць такі гатунак мукі „Познаньская“, для варэнікаў. Яна таксама розная бывае. Можна купіць за 3 злотыя, можна за 6, і яна моцна будзе адрозьнівацца. Зь першай цеста будзе рвацца, з другой — не. Павінна быць добрае мяса, добрая мука і, вядома, вада. І трэба зь любоўю падыходзіць да сваёй справы», — падсумоўвае Іван.

Сумяшчаць працу кур’ера і кухара ў яго атрымалася нядоўга.

«Рукі толькі дзьве», — камэнтуе ён.

Іван рэклямаваў свае вырабы праз сацыяльныя сеткі. Заказаў стала больш, чым пасьпяваў рабіць, — па 10 кіляграмаў на дзень. Тады і вырашыў цалкам аддацца сваёй справе. Налаўчыўся так, што хуткасьць ужо стала па тры кіляграмы пяльменяў за гадзіну.

«Гэта не такая цяжкая праца, дзе трэба мець нейкую асаблівую спрытнасьць рук. Цяпер у нас пяльмені робяць людзі, якія раней зьвязаныя з гэтым не былі», — камэнтуе Іван.

Беларус Іван Галкоўскі ў Польшчы стварыў бізнэс па вырабе пяльменяў

Суразмоўца кажа, што зарабляў на хатніх пяльменях таксама каля 1000 даляраў за месяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьехаць і не вярнуцца. Хто з эмігрантаў зьбіраецца вяртацца на радзіму — аналіз сацыёляга Коршунава

Ніводнага кухара

Урэшце са сваёй кухні Іван вырашыў пераходзіць на большы маштаб і афармляць юрыдычную асобу. Ягоная рэстарацыя ў цэнтры Варшавы называецца Jedna miłość («Адзіная любоў»).

«Ёсьць такі выраз у ангельскай мове „one love“. Неяк гэта ўсплыло ў галаве, пасуе да ўсяго. Гэта можа быць і пра пяльмені і сырнічкі, але хто як хоча, так гэта і разумее», — камэнтуе ён назву ўстановы.

Свае вырабы Іван лічыць самымі смачнымі «па абодва бакі Віслы».

«Нашыя пяльмені сапраўды вельмі смачныя і сакавітыя», — кажа ён.

Мэню

У мэню, апрача асноўнай стравы, ёсьць варэнікі, сырнікі, галубцы, чабурэкі, а таксама супы, рыба ў цесьце, нагетсы, шніцаль. У плянах рабіць уласныя наліўкі.

«Палякам вельмі падабаюцца нашыя супы, бо ў Польшчы супы больш вадкія, хутчэй як булён. А мы гатуем расольнік, капусту, боршч, гарохавы суп, шчаўе, як дома гатавалі», — расказвае ўласьнік рэстарацыі.

Сырнікі, паводле яго, яны таксама робяць «правільныя». У іх амаль няма мукі — толькі каб была румяная скарынка. Колькасьць цукру паменшылі на просьбу кліентаў.

«Спачатку мы рабілі звычайныя варэнікі, а потым сталі класьці розныя начынкі, напрыклад гарбуз з рыкотай і пармэзанам. Такія смакі, якія ня ў кожнай pierogarni (польскія традыцыйныя рэстарацыі зь „pierogami“, мясцовым аналягам пяльменяў. — РС) ёсьць», — расказвае пра чарговы пункт мэню Іван.

Як і што гатаваць, вырашае ён сам. Іван ужо ня лепіць пяльмені, але пэрыядычна гатуе для кліентаў. У ягонай рэстарацыі працуюць яшчэ тры чалавекі. Гэта ўсё беларусы, і ніхто зь іх не вучыўся на кухара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская бізнэс-эміграцыя пачала запавольвацца. Вынікі новага дасьледаваньня

«Апошнія тры месяцы ем у асноўным пяльмені»

Каб рэстарацыя запрацавала, спатрэбілася два месяцы на атрыманьне дазволу. У верасьні арандавалі памяшканьне, у лістападзе ўжо адкрыліся. Прыбытку ад сваёй справы прадпрымальнік пакуль не агучваў — мала часу яшчэ прайшло, ды і грошы ідуць на далейшае разьвіцьцё.

«Вольнага часу ўжо стала больш. Спачатку заўсёды цяжка. Гэта ж ня тое, што ў мяне раней была нейкая рэстарацыя і я цяпер раблю падобнае. Не, у мяне такога ніколі не было. Шмат часу, бо ўсё трэба было вывучыць ад пачатку», — кажа Іван.

У кавярні

Ён прызнаецца, што любіць сваю справу, інакш бы ёй не займаўся. Да таго ж любіць паесьці. На пытаньне пра любімую страву жартуе: «Калі я адкажу „пяльмені“, вядома, ніхто не паверыць».

«Апошнія тры месяцы я ем тое, што ёсьць у мяне ў рэстарацыі, а там у асноўным пяльмені... Як могуць пяльмені надакучыць?! Калі яны смачныя, здаецца, што іх можна кожны дзень есьці», — пераконвае суразмоўца.

Са смачных страваў ён згадаў сьвяточнага карпа, якога гатаваў на апошняе Раство для сябе і гасьцей рэстарацыі.

«Я рабіў карпа паводле польскага рэцэпту: тушаным на кіслай капусьце са сьмятанай і сырам. Карп звычайна аддае балотам. А тут ён атрымаўся такі далікатны. І ладна б ён толькі мне спадабаўся, але яго куплялі палякі да сьвята, і ўсе былі задаволеныя, а я яшчэ больш, бо і мне падабалася, і людзям», — дзеліцца Іван.

Мужчына зазначае, што ёсьць розьніца ў сыстэме харчаваньня ў Беларусі і Польшчы. Палякі мала гатуюць дома, яны купляюць ужо гатовую ежу ў крамах або рэстарацыях.

«Афіцыянткі ў Польшчы не такія добразычлівыя. У Беларусі сэрвіс лепшы. Што датычыць санітарных правілаў, то яны такія самыя строгія, як і ў Беларусі», — кажа суразмоўца.

Іван Галкоўскі

Калі справа пойдзе добра, то Іван плянуе адкрыць яшчэ некалькі пунктаў хуткага харчаваньня ў Варшаве і іншых гарадах. У плянах таксама больш заняцца маркетынгам, дадаць беларускамоўную вэрсію, бо пакуль сеткі рэстарацыі арыентаваныя хутчэй на польскамоўных кліентаў. Пяльмені Івана рэклямаваў у сацсетках музыка Аляксандар Памідораў. Іван кажа, што нічога яму не плаціў. Проста яны даўно знаёмыя, Памідораў купляў у яго пяльмені і, відаць, яны спадабаліся.

Вяртацца ў Беларусь мужчына ўжо не плянуе.

«Спачатку я думаў, што гэта неўзабаве ўсё скончыцца. А цяпер здаецца, што калі гэта і будзе, то няхутка, і жыць я застануся тут», — кажа Іван.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова беларусаў, якія ратаваліся ад рэпрэсіяў у Польшчы, не зьбіраецца вяртацца, — вынікі апытаньня