Што вядома пра ініцыятыву MCM Black Sea, напісала баўгарская служба Радыё Свабода.
Баўгарскія, румынскія і турэцкія вайсковыя караблі будуць сумесна патруляваць воды Чорнага мора і чысьціць іх ад марскіх мін. Ініцыятыва правядзеньня сумесных апэрацый трох краін-сябраў NATO ў рэгіёне паходзіць ад Турэччыны. Упершыню пра гэта загаварылі летась, але дзеяньні ўжо ідуць.
Мэмарандум аб стварэньні сумеснай супрацьміннай групоўкі на Чорным моры (MCM Black Sea) падпішуць 11 студзеня ў Стамбуле, пацьвердзіў у чацьвер міністар абароны Баўгарыі Тодар Тагараў.
Гэтая навіна зьявілася на фоне амаль двухгадовай вайны Расеі супраць Украіны. Напружанасьць у Чарнаморскім рэгіёне расьце таксама з прычыны спроб Крамля сабатаваць экспарт збожжа з атакаванай краіны. Часьцейшымі сталі таксама інцыдэнты за межамі зоны баявых дзеяньняў. У канцы 2023 году грэцкі грузавы карабель, які плаваў пад панамскім сьцягам у Чорным моры, сутыкнуўся з расейскай мінай. Пачаўся пажар, двое маракоў атрымалі раненьні. Гэта ня першы такі выпадак.
Акрамя таго, усё лета ВМФ Расеі анансаваў вучэньні, у тым ліку ў марской эканамічнай зоне Баўгарыі.
Хоць апэрацыя мае больш гуманітарны характар — разьмінаваньне, яна таксама павінна паказаць Расеі, што астатнія краіны рэгіёну ня згодныя з дэманстрацыяй ёю вайсковага дамінаваньня ў Чорным моры.
Як зразумець, што будзе на фронце ва Ўкраіне
«Вайна на Ўкраіне, распачатая Расеяй, прыводзіць да рызык для нашай тэрыторыі, для бясьпекі суднаходзтва, і каб мінімізаваць гэтыя рызыкі, вайскова-марскія сілы трох краін удзельнічаюць у разьмінаваньні, спадзяемся, пасьпяхова», — сказаў міністар абароны Баўгарыі Тодар Тагараў у чацьвер.
Абароннае ведамства плянуе ўвесьці групу ў дзеяньне на працягу некалькіх месяцаў, паведамілі ў адказах на пытаньні Радыё Свабода.
Мэмарандум аб узаемаразуменьні будзе дзейнічаць на працягу трох гадоў з магчымасьцю працягнуць яго яшчэ на тры гады і можа быць скасаваны ў любы час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэччына адмовілася прапусьціць у Чорнае мора перададзеныя Ўкраіне брытанскія мінныя тральшчыкіШто мы ведаем на дадзены момант пра MCM Black Sea?
Што такое MCM Black Sea?
MCM Black Sea (MCM, або Mine Countermeasures, азначае «супрацьмінныя захады») — назва ініцыятывы дзеля ачышчэньня Чорнага мора ад марскіх мін.
«З прычыны вайны паміж Украінай і Расеяй ва ўкраінскіх і расейскіх партах устаноўлены міны.
Часам яны дасягаюць нашых праліваў з прычыны плыняў», — заявіў міністар абароны Турэччыны Яшар Гюлер пасьля сустрэчы ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі ў сьнежні, цытуе Reuters.
«Нашы тральшчыкі будуць ажыцьцяўляць пастаяннае патруляваньне аж да таго месца, дзе канчаюцца (марскія) межы Румыніі», — сказаў Гюлер.
Пакуль прадугледжаны ўдзел супрацьмінных караблёў толькі з Румыніі, Баўгарыі і Турэччыны. Ініцыятыва застаецца адкрытай для сумесных дзеяньняў і ўдзелу супрацьмінных сіл і сродкаў іншых краін-сябраў NATO за межамі Чарнаморскага рэгіёну, гаворыцца ў адказе Міністэрства абароны (МА) на пытаньні Радыё Свабода. Перамовы паміж трыма краінамі-сябрамі аб стварэньні групы вяліся пры ўдзеле Альянсу.
«Дзейнасьць ДСМ Чарнаморскага рэгіёну ня будзе накіраваная супраць якой-небудзь іншай краіны (...), без замены прысутнасьці і цяперашняй дзейнасьці NATO па стрымліваньні і абароне ў Чарнаморскім рэгіёне», — заявілі ў Мінабароны Баўгарыі.
Хто будзе кіраваць групай
Супрацьміннай вайскова-марской групоўкай на Чорным моры будзе кіраваць камітэт, у працы якога возьмуць удзел галоўнакамандуючыя ВМС трох краін. Гэта будзе орган, які будзе прымаць рашэньні і кіраваць любой апэрацыяй апэратыўнай групы.
Дзеяньні ў абазначаных раёнах будуць ажыцьцяўляцца па графіку, «пры гэтым сілы, заплянаваныя да ўдзелу, будуць таксама ўказаныя на адпаведны пэрыяд актывізацыі групоўкі (ня больш за 4 пэрыяды па 15 дзён у адным каляндарным годзе)», — тлумачаць у баўгарскім міністэрстве.
Колькі караблёў будзе ўдзельнічаць
«Аптымальны ўдзел кожнай краіны-ўдзельніцы для адпаведнай актывацыі групоўкі — з адным караблём», — таксама заявілі ў баўгарскім Мінабароны ў адказе Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баўгарыі, недалёка ад мяжы з Румыніяй, знайшлі дрон. Расея ўначы зноў атакавала Адэскую вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры замежныя цывільныя грузавыя караблі прыйшлі ўва ўкраінскі порт у Ізмаіле. Іх суправаджалі самалёты NATO