Хроніка перасьледу 5 студзеня: асудзілі начальніка раённай энэргаінспэкцыі, затрымалі ўладальніцу атэлье

Машына міліцыі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Арыштавалі начальніка Івейскай раённай энэргагазінспэкцыі

Начальніка Івейскай раённай энергагазінспэкцыі Горадзенскай вобласьці асудзілі за «экстрэмісцкую» падпіску «УКантакце».

Яго пакаралі 7 днямі адміністрацыйнага арышту і канфіскавалі мабільны тэлефон, піша hrodna.life.

Мужчына віну прызнаў часткова. Ён сказаў, што быў падпісаны на інтэрнэт-рэсурс, але ня ведаў, што ён забаронены і адносіцца да экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На гэты момант на афіцыйных сайтах зьвесткі начальніка адсутнічаюць.

Затрымалі ўладальніцу менскага атэлье

Сілавікі затрымалі ўладальніцу атэлье рамонту адзеньня за мэмы ў Instagram, відэа зь ёй апублікаваў праўладны канал.

На відэа затрыманая прадпрымальніца кажа, што брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, а таксама што «ў Instagram выкарыстала мэмы з чорным гумарам, якія адносяцца да ўлады і суседняй дзяржавы», піша Mediazona.by.

Мяркуючы па скрыншотах, прыведзеных у відэа, гаворка ідзе пра жарты з расейскіх вайскоўцаў. На паказаных малюнках відаць, сярод іншага, мужчына ў форме вайскоўца зь літарай Z на грудзях і галавой сьвіньні.

Што цяпер з уладальніцай атэлье, невядома. Аўтары праўладнага канала пішуць, што яна «атрымае 5 гадоў за ўдзел у беспарадках, а ў дачыненьні да яе мэмаў з прыкметамі распальваньня нацыянальнай варожасьці праводзіцца дадатковая праверка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 студзеня: украінку затрымалі за камэнтары; магілёўца, які прыехаў з-за мяжы, зноў арыштавалі

Жыхарку Жлобіна асудзілі на «хатнюю хімію»

Жыхарку Жлобіна Дар’ю Зенчанку асудзілі на паўтара года абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатнюю хімію»). Яе прызналі вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Вырак агучыла судзьдзя Сьвятлана Рубахава

9 жніўня 2020 году Зенчанка ўзяла ўдзел у мірным сходзе ў цэнтры Жлобіна. Жанчына прызнала віну і адмовілася сьведчыць на пасяджэньні, піша «Вясна».

Дар’ю затрымлівалі 7 верасьня 2023 году, да суду яна знаходзілася на волі пад асабістым паручальніцтвам.