У санаторыі «Дубровенка», які зьяўляецца ведамасным санаторыем Магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, цяпер знаходзіцца 35 дзяцей, вывезеных з горада Антрацыт Луганскай вобласьці.
Як паведаміла дзяржаўнае выданьне sb.by, беларускі паралімпіец Аляксей Талай пасьля сваёй сустрэчы ў Магілёве з калектывам прадпрыемства «Белмытсэрвіс» наведаў украінскіх дзяцей у гэтым санаторыі.
Фонд Аляксея Талая ў лютым 2022 году падпісаў з прадпрыемствам «Белмытсэрвіс» дамову аб супрацы, якая прадугледжвае супольную рэалізацыю праграм у адукацыі і выхаваньні, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненьні да беларускага праўладнага актывіста Аляксея ТалаяФонд Аляксея Талая арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне». Гэта стала прычынай увядзеньня Ўкраінай санкцый у дачыненьні да Аляксея Талая. Апроч таго, ягоная дзейнасьць у незаконным вывазе дзяцей з Украіны расьсьледуецца ў межах крымінальнай справы аб расейскіх ваенных злачынствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справы
Санаторыі «Дубровенка» знаходзіцца ў лесапаркавай зоне за 4 кілямэтры ад Магілёва. Установа спэцыялізуецца на лячэньні захворваньняў органаў кровазвароту, касьцёва-цягліцавай сыстэмы і злучальнай тканкі, органаў дыханьня, нэрвовай сыстэмы і страваваньня. Згодна з статутам, у ім могуць адпачываць і лячыцца як дарослыя, так і дзеці.
Горад Антрацыт Луганскай вобласьці з 2014 году знаходзіцца пад кантролем расейскай улады. Украіна ўключыла гэты горад у пералік часова акупаваных Расеяй тэрыторый.
Паводле сакратарыяту Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч, зь якіх вярнуць ва Ўкраіну змаглі толькі 387 дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралімпіец Талай, які дапамагае вывозіць украінскіх дзяцей, стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа
- Аляксей Талай — паралімпіец, шматдзетны бацька і праўладны актывіст. У 2018 годзе заснаваў дабрачынны фонд імя Аляксея Талая для дапамогі людзям з інваліднасьцю, цяжкахворым людзям, дзецям, якія засталіся без бацькоў. Талай актыўна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.
- Талай неаднаразова наведваў акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны і лічыць іх часткай Расеі. Фонд Аляксея Талая арганізоўвае вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў Беларусь нібыта на «аздараўленьне».
- «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» дабіваецца выдачы ордэра на арышт асоб, якія ўдзельнічаюць у незаконным вывазе дзяцей. Матэрыялы з доказамі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Сёлета ў сакавіку праз падазрэньне ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей МКС выдаў ордэр на арышт Пуціна.
- 8 сьнежня Аляксей Талай стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа. Першага сьнежня Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства беларускай арганізацыі за невыкананьне патрабаваньня аб звальненьні Дзьмітрыя Шаўцова з пасады генэральнага сакратара, які таксама ўдзельнічаў у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей.
- Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксея Талая за саўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей.