На нарадзе размаўлялі пра цэны на лекі, а таксама пра павелічэньне долі айчынных лекаў у прыватных аптэках, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.
Было адзначана, што Мінздароўя і іншыя зацікаўленыя ведамствы прадоўжаць кантраляваць цэны на лекавыя прэпараты ў Беларусі. Гаворка ідзе пра кантроль за цэнамі на імпартаваныя лекі, а таксама кантроль за фармаваньнем цэнаў пастаўшчыкоў і цэнаў у аптэках.
«На нарадзе адзначана, што ў аптэчных сетках недзяржаўнай формы ўласнасьці павінна быць павялічаная доля айчынных лекавых прэпаратаў да 40 працэнтаў», — гаворыцца ў паведамленьні Мінздароўя.
21 сьнежня 2023 году на нарадзе па цэнаўтварэньні віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў адзначыў, што, напрыклад, імпартныя лекавыя прэпараты ў 2023 годзе падаражэлі амаль на 12%, у той час як цэны на айчынныя лекі вырасьлі на 2,2%. Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з абгрунтаванасьцю росту цэнаў на лекі.
«Чаго мы баімся? Нейкі прыватнік з аптэкі сыйдзе? Няхай сыходзіць! У нас дастаткова дзяржаўных аптэк, якія будуць займацца. І ў цэлым Міністэрству аховы здароўя трэба гэтым займацца», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што трэба выключыць «неабгрунтаванае пасярэдніцтва ў гэтай сфэры»: «Я табе раскажу, як складаюцца цэны на імпартныя лекі, і ты паглядзіш, колькі там „пракладак“, як я кажу: сыноў, блізкіх сваякоў і палюбоўніц».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя ўвяло новыя правілы, якія абмяжуюць дзейнасьць камэрцыйных аптэк ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сетцы крамаў «Дабраном» і прыватных аптэках — затрыманьні за рост цэнаў