Чым небясьпечны для вернікаў новы закон. Тлумачаць пастар і тэалягіня

Каляж: тэалягіня Натальля Васілевіч і пратэстанцкі пастар, колішні кіраўнік «Маладога фронту» Зьміцер Хведарук

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які абавязвае рэлігійныя арганізацыі цягам году прайсьці перарэгістрацыю. Патрабаваньні і абмежаваньні сталі больш жорсткімі.

Пра тое, хто зь беларускіх вернікаў можа апынуцца па-за законам, разважаюць тэалягіня Натальля Васілевіч і пратэстанцкі пастар, колішні кіраўнік «Маладога фронту» Зьміцер Хведарук.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Тут фрагмэнты размовы

Натальля Васілевіч:

  • Пад «зачыстку» з боку рэжыму ўжо трапілі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі. Цяпер прыйшоў час рэлігійных арганізацый. Але гэта хутчэй інструмэнт супраць усёй беларускай грамадзянскай супольнасьці, каб не паўтарылася паўстаньне людзей супраць рэжыму.
  • У Беларусі цяпер ідзе працэс поўнай цэнтралізацыі. Напрыклад, стварылі «Фонд Першага» — фактычна «фонд адзінага», куды павінны трапляць усе грошы, а потым пераразьмяркоўвацца. Гэтаксама, напэўна, хочуць стварыць і агульны «фонд ласкі Божай».
  • У савецкі час баптыстаў і пяцідзясятнікаў аб'ядналі ў адзіную ўсесаюзную арганізацыю. Думаю, што ў Беларусі таксама ёсьць трэнд на такое абʼяднаньне, бо так людзей прасьцей кантраляваць. Безумоўна, колькасьць рэлігійных супольнасьцяў скароціцца — многія ня пройдуць перарэгістрацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон, які абавязвае рэлігійныя арганізацыі прайсьці перарэгістрацыю. Патрабаваньні сталі больш жорсткімі
  • Некаторыя рэлігійныя арганізацыі ня змогуць стварыць рэспубліканскага абʼяднаньня — гэта можа тычыцца, напрыклад, мусульманскіх абʼяднаньняў ці лютэран, якіх ня так шмат.
  • Праваслаўныя таксама моцна пацярпяць ад прыняцьця гэтага закону. Бо праваслаўнае жыцьцё не абмяжоўваецца дзейнасьцю мітрапаліта Веніяміна ці матушкі Гаўрыілы. Людзям будзе цяжэй жыць сваёй верай бясьпечна.
  • Галоўнае абмежаваньне, якое ёсьць у гэтым законе і якое супярэчыць міжнародным стандартам свабоды рэлігіі, — гэта абавязковая дзяржаўная рэгістрацыя для таго, каб людзі маглі жыць рэлігійным жыцьцём. Дзейнасьць па-за зарэгістраванай арганізацыяй будзе падпадаць пад Крымінальны кодэкс.
  • Для Лукашэнкі нават стварэньне нейкага «праваслаўнага халіфату» — гэта стварэньне альтэрнатывы сабе. Ён хоча, каб быў халіфат імя яго самога. Каб ён там быў галоўны бог, цар і гэтак далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галадоўкі, суды і малітвы. Гісторыя царквы «Новае жыцьцё», якая змагалася за існаваньне некалькі дзесяцігодзьдзяў
  • Беларускі закон ужо быў найбольш рэпрэсіўны ва ўсёй Эўропе — экспэрты пра гэта казалі. Думаю, што новы закон не зьвязаны з тым, каб паўтарыць нейкі досьвед Расеі. Ён хутчэй зьвязаны з агульнай палітыкай рэжыму Лукашэнкі па ўціску беларускага грамадзтва.
  • Дазвол рэлігійным арганізацыям ствараць структуры сацыяльнай дапамогі — гэта спроба скарыстаць іх рэсурсы, бо сама дзяржава з аказаньнем сацыяльнай дапамогі ўжо кепска спраўляецца.

Зьміцер Хведарук:

  • Нават папярэдняя рэдакцыя закону насіла фактычна дыскрымінацыйны характар. Яна ставіла розныя хрысьціянскія канфэсіі ў розныя ўмовы, у тым ліку абмяжоўвала місіянэрскую дзейнасьць.
  • На пачатку 2000-х гадоў ужо была перарэгістрацыя, і празь яе сіта не прайшлі многія пратэстанцкія цэрквы. У выніку яны былі вымушаныя дзейнічаць фактычна па-за легальным полем. Раней такая дзейнасьць каралася адміністрацыйна. Паводле ж новага закону такая дзейнасьць будзе карацца ў межах Крымінальнага кодэксу.
  • Многія хрысьціянскія цэрквы — найперш пратэстанцкія — апынуцца перад складаным выбарам: альбо спыніць сваю дзейнасьць, альбо фактычна вярнуцца ў савецкі час, калі многія пратэстанцкія цэрквы дзейнічалі ў падпольлі, зьбіраючыся па дамах, калі людзі адседжвалі вялікія тэрміны і атрымлівалі вялікія штрафы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парафія менскага Чырвонага касьцёла, закрытага ўжо 15 месяцаў, апублікавала ліст «чараўніку Аляксандру Рыгоравічу»
  • Нават паводле «літары новага закону» пратэстанцкія цэрквы павінны застацца ў легальным полі. Але ў Беларусі ўжо даўно ня дзейнічае закон, і таму некаторыя дробныя дэнамінацыі могуць паўстаць перад складаным маральным выбарам — альбо прайсьці перарэгістрацыю і, магчыма, пайсьці на нейкія саступкі ў пляне цэнзуры і іншых абмежаваньняў, альбо захаваць вернасьць біблейскай пропаведзі і сутыкнуцца зь цяжкасьцямі.
  • У савецкі час быў плян зьвесьці разам некаторыя пратэстанцкія дэнамінацыі, у якіх было мала агульнага. І часам гэта кіравалася людзьмі, якія падпісвалі пагадненьне з савецкай дзяржавай. Цяпер, хутчэй за ўсё, гэтага не адбудзецца, нават калі ў некага ёсьць такая мэта.
  • На вялікі жаль, дзейнасьць большасьці пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі і так была падпольнай. Бо, напрыклад, не выдзяляюць зямлю пад будынак, дзе можна было б зьбірацца паводле закону. Калі б мы з вамі ў Беларусі сабраліся пачытаць разам Біблію і паспрабаваць зразумець, што ў ёй напісана, гэта таксама была б нелегальная дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размаўляе па-беларуску, канфліктаваў з чыноўнікамі. Што вядома пра затрыманага ў крымінальнай справе ксяндза Акалатовіча
  • Пратэстанцкія цэрквы будуць займацца сваёй дзейнасьцю незалежна ад таго, якія законы цяпер прымаюць у Рэспубліцы Беларусь. Але безумоўна, што гэта вельмі ўскладніць само існаваньне царквы і паставіць пад пагрозу многіх людзей. Але гэта не зачыніць хрысьціянскую царкву і ня спыніць місіянэрскую дзейнасьць.
  • Мне здаецца, што гэты закон па-пратэкцыянісцку ставіцца да Расейскай праваслаўнай царквы. Яна пры сваіх манастырах будзе працягваць займацца рознай дзейнасьцю — ад пляценьня маскавальных сетак да стаматалягічных кабінэтаў за нямецкія грошы ў Доме міласэрнасьці. Пратэстанцкія цэрквы ня маюць манастыроў, а дабрачынныя арганізацыі былі зачыненыя пасьля 2020 году. Думаю што пратэстантам і каталікам будуць адмаўляць у легальнай практычнай гуманітарнай дзейнасьці.