Ва ўкраінскай выведцы паведамілі аб падпале расейскага бамбавіка Су-34 на вайсковым аэрадроме ў Чалябінску

Расейскі тактычны бамбавік Су-34. Ілюстрацыйнае фота

Украінская выведка апублікавала відэазапіс, на якім нібыта гарыць расейскі самалёт.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявілі, што на вайсковым аэрадроме «Шагол» у Чалябінску згарэў тактычны бамбавік С-34.

«Баявы самалёт уваходзіў у склад авіяцыйнага палку 21-й зьмяшанай авіядывізіі паветрана-касьмічных войскаў Расеі. Прычыны ўзгараньня самалёта ўдакладняюцца. Слава Ўкраіне!», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскай выведкі.

Дадаткова ўкраінская выведка апублікавала відэазапіс, на якім відаць начны пажар.

У Расеі гэтую інфармацыю не камэнтуюць.

Украінскія СМІ са спасылкамі на крыніцы ў праваахоўных органах сьцьвярджаюць, што зьнішчэньне баявога расейскага самалёта адбылося ў выніку спэцыяльнай апэрацыі ўкраінскіх выведнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся паведамленьні аб паражэньні ў Крыме расейскіх ракетных комплексаў. Выведка Ўкраіны ўдакладніла, што зьнішчана

Раней украінская выведка паведамляла пра некалькі выніковых спэцыяльных апэрацыяў, у тым ліку пра ўдары па Крымскім мосьце, пра высадку ў Крыме і пашкоджаньне расейскіх зэнітных комплексаў, а таксама пра згон расейскага вайсковага верталёта Мі-8.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка паведаміла, што выманіла расейскі верталёт Мі-8 на сваю тэрыторыю разам з запчасткамі да самалётаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ ўпершыню прызнала сваё дачыненьне да атакі на Крымскі мост у 2022 годзе