Кіраўнік СБУ Васіль Малюк падчас нацыянальнага тэлемаратону назваў атаку на мост «адной з нашых рэалізацыяў».
Малюк дадаў, што СБУ праводзіць шмат спэцапэрацыяў. «Пра некаторыя мы пакуль не расказваем, пра некаторыя наагул не раскажам», — сказаў ён.
У пачатку ліпеня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр назвала ўдар па Крымскім мосьце посьпехам украінскай арміі. Да таго Кіеў адмаўляў свой удзел у падрыве маста.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 20 кастрычніка 2022 году заявіў, што Ўкраіна не была зацікаўленая ў атацы. «Мы такога дакладна не замаўлялі, наколькі мне вядома», — сказаў ён у інтэрвію канадзкаму тэлеканалу CTV.
Пры гэтым украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што лічаць мост легітымнай ваеннай мэтай, паколькі па ім у анэксаваны Крым перавозяць у тым ліку вайскоўцаў і баявую тэхніку расейскай арміі.
Пасьля новай атакі на Крымскі мост у ноч на 17 ліпеня, калі ён быў часткова пашкоджаны, Зяленскі назваў мост «ваеннай мэтай, якую неабходна нэўтралізаваць». Аднак у Кіеве наўпрост не пацьвярджалі, што выбухі былі арганізаваныя Ўкраінай. Крыніцы некалькіх мэдыя паведамілі, што напад арганізавалі сумесна СБУ і Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
Першы выбух на Крымскім мосьце адбыўся раніцай 8 кастрычніка 2022 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, тады ўзарваўся грузавік з выбухоўкай. У выніку абрынулася частка мосту і загарэўся цягнік, гружаны палівам. Загінулі некалькі чалавек. Празь некалькі дзён ФСБ РФ паведаміла аб затрыманьні падазраваных у выбуху.