Адкрыцьцё новага злучэньня, здольнага зьнішчыць устойлівую да лекаў бактэрыю, ад якой штогод гінуць тысячы людзей па ўсім сьвеце, можа стаць паваротным момантам у барацьбе з устойлівасьцю бактэрый да антыбіётыкаў, паведамляе Euronews.
Прафэсар мэдычнай інжынэрыі і навукі Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту (MIT) і адзін з аўтараў дасьледаваньня Джэймз Колінз адзначыў: «Наша праца забясьпечвае аснову, якая не патрабуе вялікіх затрат часу, рэсурсаў і дае магчымасьць прааналізаваць хімічную структуру так, як мы не рабілі дагэтуль».
Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя ў часопісе Nature ў суаўтарстве з групай, у якую ўваходзяць больш за 20 дасьледчыкаў.
Як паведамляецца, у мэтах прагназаваньня актыўнасьці і таксычнасьці новага злучэньня ўдзельнікі праекту выкарыстоўвалі мадэль глыбокага навучаньня. Глыбокае навучаньне мае на ўвазе выкарыстаньне штучных нэўронавых сетак для аўтаматычнага навучаньня і прадстаўленьня характарыстык дадзеных бязь яўнага праграмаваньня.
Яно знаходзіць усё большае прымяненьне ў распрацоўцы лекавых прэпаратаў, каб паскорыць выяўленьне патэнцыйных кандыдатаў, прадказаць іх уласьцівасьці і аптымізаваць працэс распрацоўкі лекаў.
У гэтым выпадку дасьледнікі засяродзіліся на мэтыцылін-рэзыстэнтным залацістым стафілякоку (MRSA), устойлівым да большасьці антыбіётыкаў.
Інфэкцыі, выкліканыя MRSA, могуць вар’іраваць ад лёгкіх скурных інфэкцый да больш сурʼёзных і патэнцыйна небясьпечных для жыцьця выпадкаў, такіх як пнэўманія і інфэкцыі крывяноснай сыстэмы.