У Беларусі зьмяніўся падатак на прафэсійны даход

Ілюстрацыйнае фота

Гэта прадугледжана зьменамі ў Падатковым кодэксе, дакумэнт падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

У зьмяненьнях у Падатковы кодэкс гаворыцца, што гэты збор ня змогуць прымяняць тыя, хто аказвае паслугі або выконвае працу свайму былому наймальніку. Пры гэтым ёсьць важная ўмова — прайшло менш за 3 гады з моманту звальненьня. Калі больш за гэты тэрмін, то аказваць паслугі дазволена, піша ў сваім разборы «Люстэрка».

Падатак на прафэсійны даход увялі ў Беларусі з 2023 году. Для тых, хто працуе зь фізычнымі асобамі, падатак складае 10%. Такая ж стаўка для тых, хто працуе зь юрыдычнымі асобамі, але да пэўнага памеру выручкі (60 тысяч рублёў), а пасьля пазначанага парогу падатковы збор удвая вышэйшы — 20%. Павышаны падатак дзейнічае з сумы перавышэньня, гэта значыць з таго, што больш за 60 тысяч рублёў.

Пры гэтым для працы на такім падатку трэба выканаць некалькі ўмоў. Адна зь іх — заказчык не зьяўляецца наймальнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырасьце камуналка, падатак на першую кватэру і працоўны стаж. Што яшчэ зьменіцца ў Беларусі з 1 студзеня

У Падатковым кодэксе таксама прапісалі, што збор на прафэсійны даход не прымяняецца да даходаў ад здачы ў субарэнду маёмасьці на тэрыторыі Беларусі. Пры субарэндзе і ў 2023 годзе гэты падатак нельга было прымяняць. Але, каб не было пытаньняў, гэта прапісалі ў Падатковым кодэксе.

Таксама чыноўнікі ўвялі навацыю, паводле якой ільгота па падатку на прафэсійны даход перастане дзейнічаць з пачатку месяца, у якім зь нейкіх прычын перасталі выплачваць пэнсію.

Яшчэ адна падстава для спыненьня прымяненьня падатку на прафэсійны даход — з ініцыятывы падатковай, калі высьветліцца, што доступ да спэцыяльнага дадатку для працы на гэтым падатку «маюць неўпаўнаважаныя асобы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сёньня вырас мінімальны заробак. А неўзабаве павялічаць цэны на алькаголь, тытунь і паліва