Кіроўцы больш як 1500 фураў сустрэлі Новы год у чэргах на беларускіх межах з Эўразьвязам

Фуры на мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Чэргі на памежных пераходах застаюцца і 3 студзеня.

Як паведамляе Памежны камітэт Беларусі, у чэргах у краіны Эўразьвязу 3 студзеня знаходзяцца 1580 фур. Найбольш складаная сытуацыя на пунктах пропуску Беняконі — Салечнікі, дзе знаходзіцца 470 фур, Каменны Лог — Меднікі, дзе знаходзіцца 360 фур, і Казловічы — Кукурыкі, дзе знаходзіцца 330 фур.

Памежны камітэт сьцьвярджае, што фуры марудна прапускаюць літоўскі і польскі бакі. Пры норме пропуска памежнага перахода Каменны лог — Меднікі у 500 фураў за суткі прапушчана 70, а на пераходзе Казловічы — Кукурыкі пры норме 1200 фур за суткі прапушчана 425.

За выходныя дні кантрольныя службы Літвы прапусьцілі меней за 35% ад нормы транспарту, гаворыцца ў паведамленьні Памежнага камітэту.

Колькасьць памежных пераходаў Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй была скарочаная ў выніку мігранцкага крызісу, у арганізацыі якога суседзі абвінавачваюць беларускія ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу зноў вырасьлі чэргі, стаіць ужо звыш 3 тысяч фур
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырасьлі чэргі фур на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу, прычынай называюць закрыцьцё фінскіх пунктаў пропуску

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.