Установы адукацыі прыватнай формы ўласнасьці павінны ў Беларусі праходзіць ліцэнзаваньне, аднак атрымаць спэцыяльныя дазволы ўдаецца далёка ня ўсім.
Іванец нагадаў, што ў 2022 годзе ў закон «Аб ліцэнзаваньні» ўнесьлі папраўкі, якія вызначылі парадак атрыманьня ліцэнзій на адукацыйную дзейнасць установамі адукацыі.
«Цяпер функцыянуе шэсьць прыватных устаноў адукацыі. Усе яны маюць спэцыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на права ажыцьцяўленьня адукацыйнай дзейнасьці», — сказаў Іванец у інтэрвію БелТА, адказваючы на пытаньне аб працы прыватных школ у Беларусі.
Паводле яго, для прыватных школаў такія ж патрабаваньні, як і для дзяржаўных, іх дзейнасьць павінна строга адпавядаць заканадаўству.
- 15 верасьня 2022 году ў Менску ў прыватнай школе «Смарт Скул» на перапынку вучань стрэліў з пнэўматычнага пісталета вучаніцы ў вока. Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам даў загад «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі», пасьля чаго прайшла чарада закрыцьцяў школ.
- Паводле стану на красавік 2023 году з 35 прыватных школаў у Беларусі засталося 3.
- У чэрвені 2023 году першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч заявіў, што ў краіне працуюць пяць прыватных школаў, якія змаглі атрымаць дазвол. Пры гэтым ён тады сказаў, што ліцэнзаваньне прайшлі ўсе дзяржаўныя школы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра атрыманьне вышэйшай адукацыі ў Беларусі гаворкі ўжо няма». Што стала з прыватнымі школамі і садкамі пад канец навучальнага году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску засталіся тры прыватныя школы, якім выдалі ліцэнзіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі арышту дырэктаркі менскай прыватнай школы