«Пры органах унутраных спраў, а таксама ўнутраных войсках стварылі 134 патрыятычныя клюбы. 4500 хлопчыкаў і дзяўчынак зьяўляюцца іх удзельнікамі», — такія лічбы прывёў міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў у навагоднім звароце да грамадзян, піша «Позірк».
Паводле Кубракова, Аляксандар Лукашэнка падтрымаў стварэньне ліцэяў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ва ўсіх абласных цэнтрах, і ўжо 1 верасьня 2024 году адчыніць свае дзьверы магілёўскі ліцэй МУС.
На думку міністра, МУС «робіць усё для таго, каб нашы дзеці адчувалі сябе ў бясьпецы». «Пад патранажам на сёньняшні дзень знаходзіцца больш як 200 школ-інтэрнатаў і спэцыяльных школ», — заявіў Кубракоў.
Вайскова-патрыятычныя клюбы існавалі ў Беларусі і раней, але пасьля пратэстаў 2020-га ўлады вырашылі ўзяцца за выхаваньне маладых беларусаў яшчэ больш грунтоўна. У навучальных установах узмацнілі так званую «патрыятычную і выхаваўчую працу». У асяродзьдзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі з палітычных матываў.
У траўні 2022-га Лукашэнка падпісаў закон аб разьвіцьці гэтых клюбаў і фінансаваньні іх зь бюджэту. У такіх клюбах дзяцей вучаць рукапашнаму бою, карыстаньню зброяй і, як кажа віцэ-міністар, адданасьці краіне і гатоўнасьці бараніць яе са зброяй у руках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сутнасьць беларуса — рускасьць». Як рэжым Лукашэнкі робіць зь дзяцей «патрыётаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнікаў з вайскова-патрыятычных клюбаў абвучаць кіраваць дронамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі: «Да канца навучальнага году вайскова-патрыятычны кляс ці клюб павінен зьявіцца ў кожнай школе»