У навагоднім звароце Ціханоўская расказала, што яе 8-гадовая дачка захацела размаўляць па-беларуску

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская выступіла з навагоднім зваротам да народу Беларусі. Відэа пачынаецца зь нефармальнай гутаркі Сьвятланы са здымачнай камандай. Яна адказвае на іх пытаньне, ці не стамілася.

«Ну, канешне, стамілася. Я ж такі ж чалавек, як і вы, і мне таксама хочацца, каб жыцьцё было спакойным і прадказальным. Часам здаецца, што сьвет вар'яцее. Хто б мог падумаць, што нам, беларусам, выпадуць такія выпрабаваньні».

Сьвятлана Ціханоўская нагадвае: «А ўявіце сабе, як стаміліся тыя, хто ў турмах», – і адказвае, адкуль сама чэрпае сілы: «Калі я ўстаю раніцай, я думаю пра тых, каму яшчэ цяжэй. І так балюча ад гэтага… Але гэты боль і злосьць я ператвараю ў энэргію».

Сьвятлана з фота Сяргея Ціханоўскага

Яна заклікае не абясцэньваць таго, што робіцца, «нават калі здаецца, што ў гэтым няма нічога грандыёзнага». Нагадвае пра «Маратон салідарнасьці», да якога далучыліся людзі з 86 краінаў сьвету, пра доктара з Наваполацку, які мусіў пакінуць Беларусь, але працягвае дыстанцыйна кансультаваць сваіх пацыентаў, пра жанчыну з Пінска, якая раздрукавала ўлёткі «Не вайне!» і раскідала іх па суседзях. Менавіта з такіх рэчаў пачынаюцца значныя перамены, мяркуе Сьвятлана Ціханоўская.

Яна расказвае, што нават яе васьмігадовая дачка, якая ніколі ня мела беларускамоўнага асяродзьдзя, нядаўна заявіла, што хоча размаўляць на роднай мове. І цяпер кожны дзень у іх сямʼі пачынаецца са словаў «Добрай раніцы!».

Сьвятлана ЦІханоўская

Ціханоўская кажа, што пра беларусаў не забыліся ў сьвеце – падтрымліваюць і гатовыя дапамагаць. Але «нам будуць дапамагаць толькі тады, калі мы будзем дапамагаць адно аднаму».

«Нават у самых складаных умовах, пасьля няўдалых спробаў мы не крычалі «Усё прапала!», а шукалі новыя спосабы дамагчыся сваіх мэтаў», – нагадвае Ціханоўская. І пералічвае некаторыя:

  • «Насуперак рэпрэсіям запускаем ініцыятывы і аднаўляем мэдыя.
  • Насуперак русіфікацыі размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя сьвяты.
  • Насуперак новым указам і падаткам прадпрымальнікі разьвіваюць свой бізнэс.
  • Мэдыкі ратуюць жыцьці, нягледзячы на адсутнасьць лекаў. А нашыя бабулі ўжо не вераць прапагандзе, таму што ўнукі навучылі іх глядзець YouTube.
  • І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасьць, злосьць і расчараваньне…»


Падчас сьвятаў яна раіць узяць маленькую паўзу: «Выдыхніце. Падумайце пра чалавека, якога за ўсім, што адбываецца, лягчэй за ўсё забыцца – пра сябе. Бо кожны з нас – жывы чалавек, які заслугоўвае каханьня, павагі і клопату. Знайдзіце тое, за што вы сабою ганарыцеся – упэўнена, такое ёсьць. Скажыце сабе дзякуй. За тое, што выдужалі, не ачарсьцьвелі».

Затым Ціханоўская зьвяртаецца да беларусаў.

«У мяне няма адказаў на ўсе пытаньні. Я ня ведаю, што нас чакае ў новым годзе. І я ня буду казаць вам, што ўсё будзе добра.

Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш «насуперак» і больш «дзякуючы».

Дзякуючы салідарнасьці, мы зможам вызваліць палітвязьняў.

Дзякуючы нашаму адзінству, мы здабудзем новых саюзьнікаў у сьвеце.

Дзякуючы нашай мудрасьці, будзем рабіць менш памылак.

Дзякуючы нашаму жыцьцялюбству – больш усьміхацца і падтрымліваць адно аднаго.

І галоўнае, дзякуючы сіле нашага народу, крок за крокам разам ісьці да свабоднай і незалежнай Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад навагоднім зваротам Ціханоўскай у Беларусі заблякавалі YouTube