Адбыўся самы магутны абстрэл тэрыторыі Расеі за час вайны. У Белгарадзе загінулі 14 чалавек, больш за 100 параненых. ВІДЭА

Наступствы абстрэлу ў Белгарадзе.

У выніку абстрэлу цэнтру Белгараду днём у суботу, 30 сьнежня, паводле апошніх зьвестак МНС Расеі, загінулі 14 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, пацярпелі больш за сто, сярод іх 15 дзяцей.

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў таксама паведаміў аб 14 загінулых, аднак дзяцей, паводле яго слоў, сярод іх трое.

Суботні абстрэл 30 сьнежня расцэньваюць як самы маштабны за ўвесь час вайны, адзначае Расейская служба ВВС. Такой вялікай колькасьці загінулых на тэрыторыі Расеі ў выніку аднаго абстрэлу яшчэ не было.

Напярэдадні Ўкраіна зазнала адзін з самых магутных абстрэлаў за ўвесь час вайны. Яго ахвярамі сталі каля 40 чалавек.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы ў суботу распачалі «спробу нанясеньня нявыбарачнага камбінаванага ўдару па горадзе Белгарад двума ракетамі „Альха“ з забароненым касэтным боепрыпасам, а таксама рэактыўнымі снарадамі РСЗА Vampire», пры гэтым, як сьцьвярджаецца, «сродкамі ППА» ракеты «Альха» і большая частка рэактыўных снарадаў РСЗА Vampire былі перахопленыя«, але «некалькі рэактыўных снарадаў і касэтныя часткі ад зьбітых ракет „Альха“ патрапілі па горадзе Белгарад».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея заявіла пра ліквідацыю 32 украінскіх дронаў, Украіна — пра зьбіцьцё 5 зь 10 расейскіх

Украінскія вайскоўцы пакуль абстрэл афіцыйна не камэнтавалі. Кіеў, як правіла, афіцыйна не камэнтуе магчымыя абстрэлы расейскай тэрыторыі з боку ЎСУ.

Украінскае тэлебачаньне «Суспильне» перадае са спасылкай на крыніцы, што ўдары па Белгарадзе нанесьлі ўкраінскія вайскоўцы, а іх мэтамі былі вайсковыя і прамысловыя аб’екты.

Крыніца выданьня «Украінская праўда» ў спэцслужбах сьцьвярджае, што ўкраінскае войска атакавала вайсковыя аб’екты, аднак з прычыны няўмелых дзеяньняў расейскай ППА абломкі ракет упалі ў цэнтры гораду.

Незалежных зьвестак аб падрабязнасьцях абстрэлу пакуль няма.

Карыстальнікі і тэлеграм-каналы публікуюць відэа і кадры наступстваў абстрэлу ў Белгарадзе. На іх бачныя пацярпелыя людзі, падпаленыя машыны, пашкоджаныя дамы, у тым ліку жылыя. Пацярпеў таксама будынак гандлёвага цэнтру.

Момант аднаго з выбухаў патрапіў на відэа.

Мяркуючы па апублікаваным відэа, адзін з выбухаў адбыўся на цэнтральнай Саборнай плошчы. Усяго выбухаў было некалькі — на фота відаць, што над горадам паднімаліся некалькі слупоў дыму. Паводле зьвестак МНС Расеі, у горадзе было 10 ачагоў пажараў.

У Белгарадзе ўжо пасьля абстрэлу ўводзіўся сыгнал ракетнай небясьпекі, прычым некаторыя жыхары скардзіліся ў сацсетках на тое, што бамбасховішчы былі зачыненыя. Пасьля сыгнал быў адменены, паведаміў тэлеграм-канал «Бляха Белгарад».

Губэрнатар Гладкоў паведаміў, што пад абстрэл трапіў таксама пасёлак Уразава Валуйскай гарадзкой акругі. Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. Чыноўнік пералічыў трапляньне снарада ў будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу, пашкоджаньне каля 20 прыватных дамоў і ліній электраперадач.

Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуцін Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што прэзыдэнту Расеі «даклалі» аб абстрэле Белгараду. Таксама паведамляецца, што ў горад вылецелі спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя Расеі на чале зь міністрам Міхаілам Мурашкам.

Расея ў сувязі з абстрэлам Белгараду запытала пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН. Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава пры гэтым абвінаваціла Вялікую Брытанію ў тым, што яна нібыта «стаіць за абстрэлам». Напярэдадні пасяджэньне Рады Бясьпекі прайшло ў сувязі з абстрэлам Украіны.

У Харкаве ўвечары ў суботу адбылася сэрыя выбухаў, паведамілі гарадзкія ўлады. Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што расейскія войскі нанесьлі ўдары па ўкраінскай тэрыторыі. Аб наступствах удараў пакуль не паведамляецца.

Улады Белгарадзкай воблаьсці, якая мяжуе з Украінай, рэгулярна паведамляюць аб украінскіх ударах на працягу году. Летам улады аб’яўлялі эвакуацыю прыгранічных паселішчаў. Да сталіцы рэгіёну да гэтага часу даляталі, як правіла, бесьпілётнікі.

  • 29 сьнежня тэрыторыя Ўкраіны зазнала адну з самых маштабных расейскіх атак за ўвесь час поўнамаштабнай вайны. Загінулі каля 40 чалавек, дзясяткі — атрымалі раненьні. Напярэдадні на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН расейскі прадстаўнік Васіль Небензя заяўляў, што ва Ўкраіне не было б ахвяр сярод мірных жыхароў пры расейскіх абстрэлах, калі б ня дзеяньні ўкраінскай Проці-паветранай абароны.
  • Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў ноч на 30 сьнежня расейскія вайскоўцы зьбілі і перахапілі 32 украінскія бесьпілётнікі над Бранскай, Арлоўскай, Курскай і Маскоўскай абласьцямі.
  • У пятніцу Белгарад, паводле зьвестак гарадзкіх уладаў, таксама быў абстраляны. Па словах Вячаслава Гладкова, пры абстрэле ў пятніцу ў Белгарадзе быў адзін загінулы, пашкоджаньні атрымалі больш за 50 прыватных дамоў. Гладкоў паведаміў таксама аб параненых і разбурэньнях у некалькіх іншых населеных пунктах вобласьці.
  • Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандр Багамаз паведаміў у суботу аб гібелі дзіцяці ў выніку ўкраінскага абстрэлу двух сёл. Ён напісаў у тэлеграм-канале, што пад абстрэл патрапілі вёскі Кістэр і Баршчэва Пагарскага раёну і што па іх было выпушчана больш за 10 снарадаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.