Спрошчаны парадак выдачы беларусам польскага праязнога дакумэнту захаваецца да чэрвеня 2024 году

Польскі праязны дакумэнт для іншаземцаў/

Спрошчаны парадак выдачы грамадзянам Беларусі польскага праязнога дакумэнту будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня 2024 году, паведамляе Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на польскую Управу па справах іншаземцаў.

Паводле інфармацыі цэнтру, раней меркавалася, што адпаведныя нормы актуальныя толькі да канца 2023 году.

У паведамленьні Ўправы адзначана, што спрошчаны парадак уведзены дзьвюма пастановамі міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, якія набылі моц 1 ліпеня 2023 году. Адна зь іх вызваляе беларусаў ад выплаты збору за праязны дакумэнт, другая пашырае кола тых, хто можа прасіць яго выдачы, і вызваляе ад неабходнасьці даказваць, што асоба ня мае магчымасьці атрымаць праязны дакумэнт на радзіме.

4 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прамое парушэньне Венскай канвэнцыі». Што экспэрты кажуць пра забарону выдаваць беларусам пашпарты ў консульствах

Акрамя таго, скасавана права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, у тым ліку нерухомасьці і аўтамабіляў. Такія зьдзелкі можна будзе праводзіць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармляліся ў дыпляматычных прадстаўніцтвах).

Беларускія дэмакратычныя структуры, Эўразьвяз, ЗША, праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі ўказ, скіраваны, на іх думку, на ўшчамленьне правоў вымушаных эмігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашпарт за мяжой зрабіць нельга, пажаніцца можна. Але ёсьць нюанс. Разьбіраем новы ўказ Лукашэнкі па пунктах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што мяняе ўказ «аб пашпартах» і што з гэтым можна рабіць. Тлумачым у адным відэа