Падаражэе камуналка
Тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі ў Беларусі пераглядаюць двойчы на год — з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Наколькі вырасьце камуналка з 1 студзеня 2024 году, пакуль не агучылі. Згодна з ранейшым указам Лукашэнкі, рост цэнаў на камунальныя паслугі адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні: рост не павінен перавышаць 0,5 базавай велічыні (або 20 рублёў, бо на 1 студзеня 2024 году памер базавай велічыні складзе 40 рублёў).
Раней рост камуналкі абмяжоўвалі даляравым эквівалентам: за год сярэднестатыстычная жыроўка на двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі магла «падаражэць» ня больш як на 5 даляраў.
Вырасьце падатак на першую кватэру
З 2024 году ў Беларусі вырасьце памер разьліковага кошту квадратнага мэтру тыпавога капітальнага будынка — гэта прывядзе да росту падатковых ставак за першую кватэру, бо памер падатку складае 0,1% ад кошту квадратнага мэтра (у залежнасьці ад населенага пункту), памножаную на колькасьць квадратных мэтраў жытла.
У 2024 годзе кошт 1 квадратнага мэтра жылога памяшканьня ў шматкватэрным жылым доме вырасьце:
- для Менску — да 968 рублёў (цяпер 900 рублёў),
- для абласных гарадоў і Менскага раёну — да 806 рублёў (цяпер 750),
- для Баранавічаў, Бабруйска, Барысава, Ваўкавыска, Горак, Дзяржынска, Жлобіна, Жодзіна, Кобрына, Крычава, Ліды, Мазыра, Маладэчна, Наваградка, Наваполацка, Воршы, Асіповічаў, Пінска, Полацка, Рэчыцы, Сьветлагорска, Слоніма, Слуцка, Смалявічаў, Смаргоні, Салігорска, Фаніпаля — да 710 рублёў (цяпер 660).
- для астатніх населеных пунктаў — да 538 рублёў (цяпер 500).
Так, напрыклад, замест 45 рублёў за двухпакаёвую кватэру ў Менску плошчай 50 м² давядзецца заплаціць 48,4 рубля. За кватэру такой жа плошчы ў абласных цэнтрах і Менскім раёне падатак вырасьце з 37,5 руб. да 40,3 руб.
Вырасьце базавая велічыня
Памер базавай велічыні з 1 студзеня павялічыцца да 40 рублёў (цяпер — 37).
Ад памеру базавай велічыні залежаць сацыяльныя выплаты (дапамога па беспрацоўі, іншыя выплаты беспрацоўным), абавязковыя адлічэньні ў рэспубліканскі бюджэт (дзяржаўныя пошліны ў ЗАГСе, БТІ, судах і іншых арганізацыях), штрафы, некаторыя падаткі і зборы (рамесны збор, падатак на сабак) і гэтак далей. Яны таксама павялічацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2024 годзе падвысяць базавую велічыню, разам зь ёю вырастуць штрафы і выплаты. Расказваем, наколькіВырасьце мінімальны заробак
З 1 студзеня 2024 году мінімальны заробак вырасьце на 72 рублі, або 13%, і складзе 626 рублёў.
У 2023 годзе памер мінімальнага заробку складаў 554 рублі і ні разу не індэксаваўся. У 2022-м памер «мінімалкі» мяняўся 5 разоў.
Мінімальны заробак — гэта самы нізкі парог аплаты працы ў Беларусі, менш за які арганізацыі і прадпрыемствы ня могуць плаціць супрацоўнікам. Выключэньнем зьяўляюцца працоўныя адносіны паводле дамовы падраду.
Вырастуць заробкі бюджэтнікаў
З пачатку 2024 году ў Беларусі на 6,4% павысіцца памер базавай стаўкі — з 235 да 250 рублёў.
Базавая стаўка прымяняецца для разьліку аплаты працы работнікаў бюджэтнай сфэры (настаўнікаў, мэдыкаў, бібліятэкараў, прадстаўнікоў культурнай сфэры і інш.), якія таксама вырастуць адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камунальныя паслугі, базавая стаўка, заробкі выкладчыкаў. Ці абгрунтаваныя апраўданьні ўлады за рост цаны вучобы ў ВНУЗаробак у два этапы, гібрыдная праца
З 1 студзеня ў Беларусі пачне працаваць абноўлены Працоўны кодэкс. Новаўвядзеньні, сярод іншага, прадугледжваюць выплату заробкаў не радзей як двойчы на месяц: аванс і потым зарплата. Цяпер заробак работнікам выплочваюць раз на месяц.
Яшчэ ў кодэксе зьявіцца такое паняцьце, як гібрыдная праца. Супрацоўнікі, напрыклад, офісных арганізацый змогуць чаргаваць працу ў офісе і дыстанцыйную працу (напрыклад, з дому).
Падвысяць працоўны стаж для атрыманьня пэнсіі
У Беларусі працягваецца пенсійная рэформа, распачатая ў 2017 годзе. З 1 студзеня 2024 году ў рамках яе чарговы раз на паўгода вырасьце страхавы стаж, які трэба назапасіць для таго, каб пачаць атрымліваць працоўную пэнсію. Ён складзе 19,5 гадоў.
Акрамя таго, у 2024 годзе для разьліку пэнсіі будуць улічваць заробак за апошнія 30 гадоў (годам раней — за 29 гадоў).
У наступным годзе пэнсіі па ўзросьце ў Беларусі павінны вырасьці на 15%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лютым 2024 году павялічаць пэнсіі. Чаму ўлады адмянілі падвышэньне пры канцы гэтага году і да чаго прымеркавалі цяперПадатак для багацьце і падвышаная стаўка для ІП
У пачатку 2024 году ў рамках зьменаў у Падатковы кодэкс у Беларусі зьявіцца так званы падатак на багацьце. Тыя, хто атрымлівае больш за 200 тысяч беларускіх рублёў у год, будуць абавязаныя заплаціць падаходны падатак 25%. Звычайная стаўка, якую работнікі плацяць са свайго заробку, — 13%. Паводле Мінфіну, абавязак выплачваць павышаны падатак закране каля 2 тысяч чалавек.
Акрамя падатку для багатых, уводзіцца і падвышаная стаўка для ІП — 30% пры валавой выручцы больш за 500 тысяч рублёў за год. Акрамя таго, у такім выпадку ў наступным годзе прадпрымальнік павінен будзе трансфармаваць сваю дзейнасьць у юрыдычную асобу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект, які прадугледжвае «падатак на багацьце», Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньніВыходны на мэдыцынскі агляд
Дзякуючы зьменам у Працоўны кодэкс з новага году ў беларусаў зьявіцца магчымасць атрымаць выходны пры праходжаньні дыспансэрызацыі.
Людзей да 40 гадоў могуць вызваляць ад працы для праходжаньня мэдагляду на адзін дзень раз на тры гады, з захаваньнем заробку, старэйшых за 40 гадоў — штогод, на адзін дзень. Жанчын, старэйшых за 53 гады, і мужчын, старэйшых за 58 гадоў, — на два дні штогод.
Сацыяльныя адпачынкі і магчымасьць падзяліць адпачынак больш, чым на 2 часткі
Зьмяненьні ў працоўным заканадаўстве цяпер дазволяць узяць тры аплатныя дні сацыяльнага адпачынку ў выпадку шлюбу, нараджэньня дзіцяці.
Папраўкі ў Працоўны кодэкс прадугледжваюць яшчэ некаторыя льготы для шматдзетных бацькоў і тых, хто выхоўвае дзіця-інваліда: з 2024 году яны змогуць на выбар узяць дадатковы выходны раз на тыдзень або скараціць працоўны дзень на гадзіну. Цяпер у іх ёсьць права на штотыднёвы дадатковы выходны.
Новаўвядзеньне па скарачэньні працоўнага дня закране і тых, хто працуе няпоўны дзень. Калі работнік, напрыклад, заняты ў арганізацыі на 0,5 стаўкі 4 гадзіны ў дзень, яго працоўны перадсьвяточны дзень зьменшыцца на 30 хвілін.
Таксама абноўленае працоўнае заканадаўства дазволіць беларусам дзяліць адпачынак больш чым на 2 часткі. Праўда, адна зь іх усё ж павінна быць ня менш за 14 дзён.
Павышаны транспартны падатак
На некаторыя аўтамабілі з 2024 году давядзецца плаціць павышаны транспартны падатак: ён будзе ў 10 разоў перавышаць стандартную стаўку. Гэта тычыцца аўтамабіляў, з году выпуску якіх прайшло ня больш за 3 гады, уключаных у пералік «транспартных сродкаў павышанай камфортнасьці», які вызначае Савет міністраў.
Мяркуецца, што ў гэты пералік уключаць люксавыя мадэлі аўтамабіляў марак «Бэнтлі», «Ролс-Ройс», «Лексус», «Паршэ», «Мэрсэдэс», «Аўдзі», «БМВ», «Кадылак», «Джып», «Ленд Ровер», «Ягуар».
З прыняцьцем абноўленага Падатковага кодэксу стаўкі транспартнага падатку вырастуць агулам для ўсіх. Так, напрыклад, фізычным асобам за легкавы аўтамабіль вагой ня больш за 1,5 тоны ў 2024 годзе давядзецца заплаціць 66 рублёў замест 61 рубля цяпер.
Наколькі вырасьце транспартны падатак для ўладальнікаў розных відаў транспарту, можна паглядзець тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2024 годзе ў Беларусі падвысяць транспартны падатак. Колькі давядзецца плаціцьПавысяць падатак на арэнду жытла, падаткі для ўладальнікаў аграсядзібаў і рамесьнікаў
Падатковыя зьмены са студзеня 2024 году закрануць і тых, чыя дзейнасць зьвязаная зь нерухомасьцю, аграэкатурызмам або рамесьніцтвам.
Стаўкі падаходнага падатку для фізычных асобаў, якія здаюць жылыя памяшканьні (за кожны жылы пакой), садовыя домікі, лецішчы: да 47 рублёў у Менску (цяпер 43,90 руб.), у Менскім раёне і абласных цэнтрах — да 44 рублёў (плюс 2,8 руб.), у буйных гарадах — да 29 рублёў (цяпер — 27 руб.), у невялікіх райцэнтрах і пасёлках гарадзкога тыпу — да 21 рубля (замест 19,80 руб. цяпер).
Падымуць і стаўку збору з уладальнікаў аграсядзібаз. Цяпер яна складае 37 рублі, а з 1 студзеня 2024 году будзе 40 рублёў.
Крыху павысіцца і штомесячны збор рамесьнікаў: замест 6,5 рубля замест 6 цяпер.
Могуць падаражэць крэдыты
Нацбанк з 1 студзеня павышае разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Гэта азначае, што банкі могуць узьняць стаўкі па крэдытах. Чым меншыя рызыкі, тым ніжэйшыя стаўкі па крэдытах (пры іншых роўных умовах).
Па новых крэдытах у беларускіх рублях (акрамя льготных) разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі ў 2024 годзе паднялі наступным чынам:
для юрыдычных асобаў — да 11,26% гадавых (у сьнежні 2023 году — 10,99% гадавых);
для фізычных асобаў — да 16,44% гадавых (у сьнежні 2023 — 15,25% гадавых).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэмпы росту беларускай эканомікі запавольваюцца, інфляцыя паскараецца, — Эўразійскі банк разьвіцьця