NATO сочыць за расьсьледаваньнем інцыдэнту ў небе Польшчы

Енс Столтэнбэрг

NATO ўважліва сочыць за сытуацыяй у Польшчы, пасьля таго як расейская ракета, імаверна, увайшла ў паветраную прастору гэтай краіны, чальца NATO.

Пра гэта піша «Голас Амэрыкі» са спасылкай на допіс генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга ў сацыяльнай сетцы X.

«Я размаўляў з прэзыдэнтам Анджэем Дудам пра інцыдэнт з ракетай у Польшчы. NATO салідарная з нашым паважаным саюзьнікам, сочыць за сытуацыяй, і мы будзем падтрымліваць кантакт па меры ўстанаўленьня фактаў. NATO захоўвае пільнасьць», — напісаў Столтэнбэрг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы ў часе інтэнсіўнага абстрэлу Расеяй Украіны заўважылі над сваёй тэрыторыяй «невядомы паветраны аб’ект»

Паводле дадзеных апэратыўнага камандуючага польскімі ўзброенымі сіламі генэрала Мацея Кліша, раніцай у пятніцу «невядомы аб’ект» уляцеў у паветраную прастору Польшчы з боку Ўкраіны і праляцеў углыб польскай тэрыторыі на 40 км, знаходзячыся ў польскай паветранай прасторы каля 3 хвілін. Гэта адбывалася падчас масавай расейскай паветранай атакі на ўкраінскія гарады.

Генэрал Кліш паведаміў, што «абʼект» уляцеў з боку Ўкраіны і вярнуўся назад ва ўкраінскую паветраную прастору, ніякіх мер супраць яго прынята не было. Польскі генэрал выказаў здагадку, што гэта магла быць расейская ракета.

«Уся траекторыя палёту над польскай тэрыторыяй адсочвалася», — растлумачыў Кліш журналістам, — «На дадзены момант я раю разглядаць сцэнар, паводле якога ракета пакінула паветраную прастору Польшчы».

Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск сустрэўся з кіраўніцтвам польскага войска і службаў бясьпекі краіны, каб абмеркаваць інцыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абстраляла большую частку тэрыторыі Ўкраіны. Гэта найбуйнейшая атака за апошнія некалькі месяцаў

Па словах украінскіх вайскоўцаў, у ноч на пятніцу і раніцай у пятніцу Расея ўчыніла адну з самых масаваных паветраных атак на ўкраінскую тэрыторыю, выпусьціўшы 158 бесьпілётнікаў і ракетаў.