Раненьні атрымалі 27 маракоў з карабля «Новачаркаск», удакладняе выданьне.
У сувязі з гэтым, як паведамляе «Незалежнае тэлебачаньне Севастопаля», галоўнакамандуючы Вайскова-марскім флётам Расеі Мікалай Яўменаў зьвярнуўся да кіраўніка адміністрацыі Новачаркаску Юрыя Лысенкі з прапановай абвясьціць у горадзе двухдзённую жалобу. Таксама галоўнакамандуючы ВМФ прапанаваў разгледзець пытаньне аб дапамозе семʼям загінулых маракоў, якія служылі на караблі.
Пазьней навіна пра загінулых маракоў з карабля «Новачаркаск» зьнікла з сайта «Незалежнага тэлебачаньня Севастопаля».
27 сьнежня сьпікер Вайскова-марскіх сіл Украіны Дзьмітрый Плецянчук у этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода заявіў, што на вялікім дэсантным караблі «Новачаркаск», які ў ноч на 26 сьнежня атакавалі ўкраінскія войскі, маглі знаходзіцца каля 80 чалавек.
Раней расейскае выданьне Astra са спасылкай на крыніцы пісала, што ў момант атакі на караблі «Новачаркаск» знаходзіліся 77 маракоў. Паводле зьвестак журналістаў, 33 зь іх прапалі бязь вестак, 19 параненыя.
«Новачаркаск» стаяў у порце Феадосіі. Мяркуючы па моцы выбуху і агульных разбурэньнях, на борце быў нейкі вайсковы груз. Кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў паведаміў пра гібель аднаго чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі пацьвердзіла, што расейскі дэсантны карабель «Новачаркаск» зьнішчаны цалкам