Дзяржаўная сакратарка штату Мэн Шэна Белоўз ухваліла рашэньне аб забароне колішняму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу балятавацца на тэрыторыі штату ў прэзыдэнты на першасных выбарах (праймэрыз) Рэспубліканскай партыі.
Такім чынам, штат Мэн стаў другім пасьля Каларада штатам ЗША, у якім афіцыйна забаранілі ўключаць імя Трампа ў бюлетэні на прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Каларада забараніў Трампу ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарахДзяржаўная сакратарка штату Мэн, як і Вярхоўны суд Каларада, абгрунтавала сваё рашэньне датычна Трампа 14-й папраўкай да Канстытуцыі, якая забараняе балятавацца ўдзельнікам мяцяжу. Шэна Белоўз, сябра Дэмакратычнай партыі, як і многія апанэнты Трампа, лічыць, што ён дабіваўся скасаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і падбухторваў сваіх прыхільнікаў да штурму Капітолія ў студзені 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін суд у ЗША вырашыў не забараняць Трампу ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнтаАналягічныя позвы супраць Дональда Трампа раней падалі яшчэ ў некалькіх штатах. Вярхоўны суд Мінесоты ў лістападзе адмовіўся забараняць яму балятавацца, а ў Мічыгане на падставе тэзы аб тым, што дыскваліфікацыя кандыдата ў прэзыдэнты — пытаньне палітычнае, а не юрыдычнае, суд пастанавіў, што Кангрэс краіны, а не судовая ўлада павінен вырашаць, ці можа Трамп застацца ў выбарчых бюлетэнях.
Пасьля супрацьлеглых рашэньняў Вярхоўных судоў некалькіх штатаў апошняй інстанцыяй застаецца Вярхоўны суд краіны. У сераду Рэспубліканская партыя Каларада зьвярнулася з апэляцыяй у Вярхоўны суд ЗША з патрабаваньнем скасаваць рашэньне Вярхоўнага суда штата. Аднапартыйцы Трампа сьцьвярджаюць, што ў выніку гэтага рашэньня «вядучы кандыдат Рэспубліканскай партыі адхілены ад першасных і ўсеагульных выбараў, што зьмяняе курс амэрыканскай дэмакратыі».
Чакаецца, што Вярхоўны суд ЗША неўзабаве прыме пазоў да разгляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў, што мог бы не ісьці на другі тэрмін, калі б у выбарах зноў ня ўдзельнічаў Трамп