«Раварысты выношвалі і абмяркоўвалі пляны зьвяржэньня ўлады». Чаму адбыліся аблавы ў Наваполацку?

Раварысты. Ілюстрацыйнае фота

Сілавікі пацьвердзілі аблаву на дзясяткі чалавек у Наваполацку.

У Наваполацку і Полацку затрымалі больш за 30 чалавек, зьвязаных з чатам аматараў роварных прабегаў, расказалі на тэлеканале «Беларусь-1», гэта заўважыла «Люстэрка».

Прапагандысты паведамілі, што «назіраецца нэгатыўная тэндэнцыя» ўступленьня ў закрытыя чаты. Як прыклад там прывялі чат аматараў роварных прабегаў. У ім нібыта пачалі публікаваць «розныя заклікі да выхаду на несанкцыянаваныя мерапрыемствы».

Цяпер улады лічаць, што гэты чат ператварыўся ў супольнасьць, у якой «выношвалі і абмяркоўвалі пляны ў зьвяржэньні дзейнай улады неканстытуцыйным шляхам».

З гэтай нагоды сілавікі затрымалі больш за 30 чалавек, заявілі ў рэпартажы на тэлеканале.

Адміністратара чату прыцягнулі да адказнасьці, расказалі ў прапагандысцкім рэпартажы. Там адзначылі, што ўдзельнікі чату радаваліся «фота, на якім летам у Наваполацку хуліган абліў белай фарбай машыну грамадзяніна Расеі» — на ёй была сымболіка зь літарай «Z», якой карыстаюцца прыхільнікі вайны супраць Украіны.

Прапагандысты таксама паказалі некалькі відэа з затрыманымі людзьмі.

Таксама ёсьць інфармацыя, што многіх людзей у рэгіёне затрымлівалі ў справе Сяргея Ерамеева, якога затрымалі ў Расеі, абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМа і этапуюць у Іркуцк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку і Наваполацку затрымалі каля 40 чалавек у справе незалежнага прафсаюзу «Нафтана»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Наваполацку працягваюць затрымліваць і апытваць людзей пра Ерамеева, якога падазраюць у дывэрсіі на чыгунцы ў Расеі