Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «дапамагае і будзе дапамагаць дзецям, у якіх вайна намагаецца скрасьці дзяцінства».
«У Палацы Рэспублікі сабраліся нашы дзеці — беларускія, расейскія, украінскія, палестынскія, латвійскія і шмат іншых. Усіх вас ад імя нас, дарослых, і ад імя ўсіх дзяцей нашай краіны я хачу прывітаць, павіншаваць з надыходзячым Новым годам, павіншаваць вас з гэтым вялікім сьвятам. Будзьце заўсёды здаровыя і шчасьлівыя, больш усьміхайцеся, верце ў дабро. А мы будзем побач з вамі», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусі «няма чужых дзяцей».
«Беларусь была і будзе адкрытая для ўсіх хто страціў мір у сваіх краінах. Мы дапамагалі і будзем дапамагаць такім дзецям, дзецям, у якіх вайна намагаецца скрасьці гэтае дзяцінства», — дадаў ён.
«Мы бачым, што адбываецца з розных куточках нашай плянэты. І мы робім усё для таго, каб тыя дзеці, якія сёньня ня маюць такой магчымасьці — сабрацца ў прыгожай залі і пагаварыць са сваім прэзыдэнтам, прыяжджалі да нас і адчувалі сябе як дома. Не павінна быць дзяцей, якія ўцякаюць ад вайны. Мы павінны падхапіць гэтых дзяцей своечасова, прывезьці да сябе дадому, абагрэць і зрабіць іхнае дзяцінства шчасьлівым», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбудсмэн Украіны: расейцы выкарыстоўваюць Беларусь, каб схаваць інфармацыю пра вывезеных украінскіх дзяцейПа афіцыйных дадзеных украінскіх уладаў на сьнежань 2023 году, з 24 лютага 2022 году з Украіны ў Расею дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра 700 тысяч вывезеных дзяцей.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 году выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай Упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
Пазьней стала вядома аб датычнасьці беларускіх уладаў і праўладных актывістаў да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея сыстэмна перамяшчае ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі, каб утаіць іх рэальную колькасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справыПракуратура Ўкраіна на падставе звароту ўкраінскага амбудсмэна ўключыла дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны ў матэрыялы крымінальнай справы, якую расьсьледуюць паводле дзьвюх першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны. Дадаткова накіравалі і матэрыялы датычна да старшыні беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова, які ўдзельнічае ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.
Справу завялі 21 сакавіка 2022 году па фактах усіх расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, у тым ліку паводле фактаў забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыюпалю і іншых гарадоў Украіны. Дзейнасьць Аляксея Талая — адзін з эпізодаў у гэтай справы. Згодна з украінскім заканадаўствам, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне.
Цяпер ва Ўкраіну з Расеі змаглі вярнуць 387 дзяцей, у той час як агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не падтрымала рэзалюцыі ААН аб парушэньні правоў чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны