Кіеў: у Чорным моры на расейскай міне падарваўся цывільны балкер, які накіроўваўся па збожжа ў дунайскі порт

Цывільны карабель ішоў пад сьцягам Панамы па ўкраінскае збожжа. Фота Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, 28 сьнежня 2023

У пачатку лістапада расейцы нанесьлі ракетны ўдар па цывільным судне пад сьцягам Лібэрыі падчас яго заходу ў адзін з партоў Адэскай вобласьці. Тады адзін чалавек загінуў, тры трымалі раненьні.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што ў Чорным моры на расейскай міне падарваўся цывільны карабель, які накіроўваўся ў адзін з украінскіх партоў па ўкраінскае збожжа.

«Цывільны карабель пад сьцягам Панамы падарваўся на варожай міне ў Чорным моры. [...] Карабель страціў ход і кіраваньне, на верхняй палубе ўспыхнуў пажар. Каб пазьбегнуць затапленьня, капітан зафіксаваў карабель на водмелі», — адзначаецца ў паведамленьні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Два маракі атрымалі раненьні, аднаго зь іх шпіталізавалі. Цяпер да балкера накіравалі буксіры, каб зьняць яго з водмелі і даставіць у порт.

У пачатку лістапада расейцы нанесьлі ракетны ўдар па цывільным судне пад сьцягам Лібэрыі падчас яго заходу ў адзін з партоў Адэскай вобласьці, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, тры атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: Расея ўдарыла па цывільным судне пад сьцягам Лібэрыі пад Адэсай, ёсьць загінулы і параненыя
  • Расейскія войскі актывізавалі абстрэлы Адэскай вобласьці ўлетку 2023 году, калі Расея афіцыйна выйшла з пагадненьня па арганізацыі збожжавага калідора, па якім збожжа з Украіны накіроўвалася марскім шляхам праз Турэччыну ў замежныя краіны. З тых часоў расейскія войскі практычна штотыдзень наносяць удары па партовай інфраструктуры Адэсы ракетамі і дронамі-камікадзэ.
  • Тым ня менш Украіна стварыла часовыя калідоры ў Чорным моры, па якіх у парты Адэскай вобласьці зь сярэдзіны верасьня пачалі заходзіць замежныя судны. Кіеў тады таксама заявіў, што на маршруце захоўваецца пагроза з боку расейскага войска. Першы кантэйнэравоз, які знаходзіўся ў Адэсе зь лютага 2022 году, пакінуў порт 16 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адэскую вобласьць па часовым калідоры ў моры прыйшлі два першыя сухагрузы