Новая пасада Лукашэнкі, лёс палітвязьняў, «мяжа на замку»: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2024 год

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, каляж

Сёлета Свабода, як і звычайна ў навагоднія дні, зьвярнулася да шэрагу экспэртаў з прапановай спрагназаваць, чаго чакаць беларусам у годзе, які толькі пачаўся.

Напрыканцы году мы вернемся да гэтай анкеты і прааналізуем, чые прагнозы аказаліся найбольш дакладнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна, выбары і імітацыя выбараў, пашпарты Новай Беларусі: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2024 год

1 студзеня мы апублікавалі прагнозы 9 экспэртаў. Сёньня — другая частка прагнозаў на 2024 год.

Вольга Лойка, галоўная рэдактарка выданьня Plan B

Вольга Лойка

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,8-4 рублі.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Прыкладна сёлетні ўзровень — 600 даляраў.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Зьменшыцца на 10-15%.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

У Галоўчанкі някепскія шанцы захаваць партфэль — ён забясьпечыў тэмп росту эканомікі, якога патрабаваў Лукашэнка. Але на большае ён ня здольны. А задачы ўскладняюцца. Таму зраблю стаўку на Дзьмітрыя Крутога.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

Ня больш за 1000. Будзе натуральнае зьніжэньне колькасьці вязьняў за кошт тых, хто вызваліцца. Але «чырвоны тэрор» спыніцца.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2024 году?

Не.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Адказ на гэтае пытаньне вызначае і большасьць іншых адказаў. Занадта шмат нявызначанасьці, але хай так: да канца году вайна скончыцца, ці будзе дакладна зразумела, што ўсё ідзе да канца. Украіна пераможа. Пытаньне вяртаньня Ўкраінай усіх тэрыторыяў будзе другасным.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

75%. Нельга, каб ніжэй за ўзровень 2019 году.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

250.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Не, не наважыцца на транзыт у такі складаны момант. Магчыма, гэта будзе Качанава.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

6.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Так. Адказала б «не», але Лукашэнка працягвае ціснуць на тых, хто зьехаў, і пэрспэктыва пазбаўленьня грамадзянства ўжо зусім не туманная. Сусьветнай супольнасьці давядзецца рэагаваць.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Ніяк. Спадзяюся.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Няма ідэяў.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Трэцяе.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Хай Трамп.

Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»

Зьміцер Лукашук

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,4-3,6.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

485.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Ня маю ніякага ўяўленьня.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Ня мае ніякага значэньня. Для большасьці беларусаў — чарговая (ці тая ж, што і цяпер) невядомая фігура, прозьвішча якой ніхто ня памятае.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

На жаль, лічба, найхутчэй, будзе вагацца ў межах 1300-1400 (калі мы гаворым пра афіцыйна прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў).

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Спадзяюся, што не, але будзе залежаць шмат ад якіх фактараў. Найперш, ад хады вайны ва Ўкраіне.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

83%.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

40 тысяч чалавек.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Стане.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

7.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Так, але з шырокім прызнаньнем будуць пытаньні.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Застанецца на цяперашнім узроўні.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Чарнуха (ці Плотка), а чаму б і не?!

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Трэцяе.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Байдэн.

Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, рэдактар «Беларускага Штогодніка»

Вадзім Мажэйка

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,4 BYN / 1$.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

«Папіццот» — наша ўсё.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Будзе і надалей падаць. Эра IT-краіны прайшла і ня вернецца ў цяперашніх умовах.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Як і год, і два гады таму — чалавек, які ў пункце біфуркацыі не адважыцца ні на што большае, чым адзіны здымак у інстаграме жонкі, і той потым выдаліць.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Хутчэй не. Мясцовыя выбары і раней нікога не цікавілі, акрамя такіх вычварэнцаў, як мы, палітычныя аналітыкі.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

Каля 1400-1500. Часткова цяперашнія палітвязьні выйдуць на волю, адбыўшы тэрміны, але рэпрэсіі выйшлі на плято, таму набяруць новых.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не — калі вайна не перакінецца на тэрыторыю Беларусі.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не. Замест эфэкту нечаканасьці атрымаецца наступ на добра ўмацаваныя пазыцыі. Зрэшты, расейцы ваююць, мякка кажучы, неразумна і неэфэктыўна, таму ўсё магчыма.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Вайна будзе ўсё болей ператварацца ў замарожаны канфлікт, але ў Расеі і Ўкраіны ня будзе гатоўнасьці гэта прызнаваць.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Ніжэй за 50%, але мы гэтага не даведаемся дакладна, а пачуем вышэйшыя лічбы.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

30-35 тысяч.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Так. Пасада створаная пад яго.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Прыкладна раз на месяц, то бок каля 12.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так, і нават пашырацца. Але больш уплывовай палітычнай фігурай ня стане.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

У лепшым выпадку — сыгнальныя экзэмпляры. Працэс масавай выдачы і тым болей маштабнай легалізацыі патрабуе значна болей часу.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Хутчэй не. А калі б нават і адбылася, то гэта ўжо ня мела б такога вялікага значэньня, як на пачатку вайны. Бяз важных пераменаў на фронце альбо ў кіраўніцтве Ўкраіны стратэгія Кіева адносна Беларусі ўжо моцна ня зьменіцца.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Можа трохі павялічыцца, калі міграцыйны крызіс збольшага завершыцца на тэрыторыі Беларусі. Але глябальна гэта застанецца важным інструмэнтам ціску.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Альгерд Бахарэвіч.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Я не адчуваю дастатковай еднасьці са спартоўцамі-ябацькамі, каб іхныя спартовыя посьпехі і паразы хоць у нейкай ступені мяне цікавілі.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Дзед здаровага чалавека.

Марына Рахлей, старэйшая супрацоўніца Нямецкага фонду Маршала (ЗША)

Марына Рахлей


1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

Будзе расьці: 3,8.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Каля 600.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Калі зьменіцца, то будзе крыху меншы.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Імаверна, што Раман Галоўчанка.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

1,200-1,300.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2024 году?

Не. І на баку Ўкраіны таксама ня ўступіць.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Выглядае на тое, што ня скончыцца.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Афіцыйныя лічбы будуць ня менш за 70%.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай Рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

Каля 30,000.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Стане.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

10.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Аб'яднаны пераходны кабінэт?

Зразумела, так.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт новай Беларусі»?

Думаю, што так, нават калі яго на той момант прызнае толькі тузін краін Захаду.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не, толькі калі як у 2023: «дакрануцца рукавамі» на міжнароднай сустрэчы.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Ня зьменіцца.

18. Хто стане пераможцам Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца?

Якое добрае пытаньне! Але не да мяне.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Таксама не да мяне.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Каго абярэ амэрыканскі народ! Пакуль зарана казаць; можа быць і Байдэн, і Трамп.

Леся Руднік, паліталягіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэй (Варшава, Польшча), дактарантка паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце Карлстаду (Швэцыя)

Леся Руднік

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,3-3,5.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Каля 600.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Думаю, асноўнае падзеньне ўжо адбылося. Зьмены, хутчэй за ўсё, будуць нязначныя ў параўнаньні з 2023 годам.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Імаверна, Галоўчанка.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

Каля 1500.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Гэта магчыма. Але падаецца, што на сёньняшні момант расейскім элітам гэта ня вельмі патрэбна. Асноўныя рэсурсы ім патрэбныя на ўсходзе Украіны.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не. Але будзе падвышацца вонкавы ціск на Ўкраіну наконт сцэнару перамоваў з Расеяй. Нават калі ў 2024 годзе адбудзецца першы раўнд перамоваў, вайна ня скончыцца.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Сапраўдная яўка нам вядомая ня будзе. Намаляваная — ня мае вялікага значэньня. Але думаю, што каля 68-72%.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

5000.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Думаю, стане Качанава.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

7-10.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Фармальна будзе. Але, як і іншыя дэмакратычныя структуры, можа перажываць стрэсы праз кадравыя зьмены і ўнутраныя канфлікты.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Выпусьціць — можа. Але легалізацыя зойме больш часу. Беларусам варта шукаць іншыя спосабы легалізацыі, калі гэтае пытаньне будзе стаяць востра ў 2024 годзе.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не. Як і раней, гэтая сустрэча ня мае практычнай і палітычнай функцыі для ўкраінскага боку. Кантакты дэмакратычных сілаў і ўкраінскіх палітычных элітаў будуць адбывацца празь іншых асобаў ці структуры, якія фармальна не зьяўляюцца прадстаўнікамі офісу Зяленскага.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Застанецца такой жа, як і сёньня. Цалкам межы не закрыюць.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Ня ведаю.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Другое.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Дональд Трамп.

Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне таксама не падабаецца» i «Гадзіньнічак цікае»

Яўгенія Сугак

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,5.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

650.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Будзе зьніжацца далей. На колькі соцень мільёнаў — не скажу.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Галоўчанка.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

Недзе каля 1800, з улікам таго, што частка людзей выйдзе ў 2024 годзе.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2024 году?

Не. Зараз гэта не патрэбна ня толькі Лукашэнку, але і Пуціну.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Не, але можа перайсьці ў стадыю стагнацыі.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Якую намалююць — то бок высокай.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

Калі мы гаворым пра тых, хто захоча прагаласаваць, то вельмі залежыць, ці будзе арганізаваны бясьпечны спосаб прагаласаваць тым, хто знаходзіцца ўнутры краіны. Я лічу — 10-20 тысяч.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Стане. Скажа, што ён сам не хацеў, але людзі просяць.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

12.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Будзе.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Мы дакладна пра 2024 размаўляем?

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Ня думаю, але мо будзе нейкі знак, які ні да чога не абавязвае. Кшталту пацісканьня рукі, ад якога ў нас усіх паправілася здароўе ў той дзень.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

На адзін-два стане менш.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Не ведаю, нават намінантаў яшчэ няма. Але ведаю, што ў 2024 Філіпенка нарэшце выйдзе на беларускай.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Трэцяе.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Трамп.

Роза Турарбекава, паліталягіня, кандыдатка гістарычных навук

Роза Турарбекава

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,7.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

250-300.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Рынак Расеі будзе самы пэрспэктыўны для ПВТ.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Дзьмітры Круты.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

2100-2200.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Імавернасьць 30-40%.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Ня скончыцца. Магчымае часовае прыпыненьне, і потым ваенныя дзеяньні зноў успыхнуць.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

20%.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

Цяжка адказаць. Канфлікт інтарэсаў.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Так. Альбо ён, альбо Качанава.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

5-6.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Так, але працэс будзе больш працяглы, чым адзін год.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Магчыма.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Застанецца ранейшай.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Ня ведаю, але мне вельмі падабаюцца вершы Юліі Цімафеевай.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

3-е месца.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Байдэн.

Віталь Цыганкоў, журналіст Радыё Свабода і вядучы праграмы «Двубой» на Белсаце

Віталь Цыганкоў

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,45 на 22 сьнежня.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Калі браць вынікі на лістапад 2024 году — 630 даляраў.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Застанецца прыблізна на ўзроўні 2023 году.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Галоўчанка.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Не.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

1300.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2023 году?

Не.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Ня скончыцца.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Афіцыйна абвесьцяць на парлямэнцкіх выбарах яўку 79%. На мясцовых выбарах «афіцыйная» сярэдняя лічба — 81%.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

Арганізатары выбараў абвесьцяць, што ўзялі ўдзел 50 тысяч.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

У 2024 годзе Ўсебеларускі народны сход не адбудзецца.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Менш, чым у 2023-м. 6-7 разоў, калі лічыць сапраўдныя двухбаковыя сустрэчы, а не спатканьні на шматбаковых самітах.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Канечне, будзе існаваць і, магчыма, нават павялічыцца.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Дэ-факта ў 2024 пашпарт па-сапраўднаму не запрацуе.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Не.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Зьменшыцца на 1-2 пункты, хутчэй за ўсё з Латвіяй.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Кожны год новыя імёны. Можна толькі адно сказаць дакладна. Не Бахарэвіч :)

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Трэцяе.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Калі Трампа юрыдычна дапусьцяць да выбараў, то ён іх выйграе.

Тацяна Чуліцкая, паліталягіня, экспэртка дасьледчага цэнтру BIPART

Тацяна Чуліцкая

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

3,5.

2. Які напрыканцы 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Каля 700 USD у эквіваленце.

3. Як зьменіцца экспарт ПВТ?

Ня маю меркаваньня на гэты конт.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

Хутчэй за ўсё, Раман Галоўчанка будзе зьменены, але цяжка прагназаваць, на каго.

5. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Пры захаваньні сёньняшніх трэндаў — не, не адбудуцца і ня могуць адбыцца. Толькі калі здарыцца нешта надзвычайнае.

6. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

Тых, якія сядзяць у турме, — каля 1500. Але іх будзе значна больш, калі ўлічваць тых, хто адседзеў і выйшаў, а таксама тых, хто ня хоча, каб ім надавалі гэты статус, пакуль яны сядзяць.

7. Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2024 году?

Хутчэй не.

8. Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Не.

9. Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Ня скончыцца.

10. Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Гэтага ніхто ня ведае і не даведаецца, але ЦВК прадэманструе каля 75–80% яўкі.

11. Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

Каля 30 тысячаў.

12. Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

Не, хутчэй ня стане. Можа стаць Натальля Качанава.

13. Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

7-8.

14. Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Абʼяднаны пераходны кабінэт?

Так.

15. Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Не.

16. Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Хутчэй так.

17. Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Хутчэй за ўсё, ня зьменіцца. Але магчымы варыянт, калі яшчэ некалькі пунктаў будуць дадаткова зачыненыя.

18. Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Ня маю меркаваньня на гэты конт.

19. Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

Ня маю меркаваньня на гэты конт.

20. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Джо Байдэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азіраючыся на 2023-і: чые прагнозы спраўдзіліся?