Інваліда Ўладзімера Гундара, які з кастрычніка адбывае пакараньне ў «крытай турме» № 4 у Магілёве, на год пазбавілі спатканьняў і перадач. Гэта стала вядома ад крыніцы, якая спасылаецца на дакладныя зьвесткі пра Ўладзімера Гундара.
«Да верасьня 2024 году перадачы і спатканьні яму забароненыя. Маюць даходзіць толькі лісты і мэдычныя бандэролі», — паведаміла крыніца.
Пры гэтым стала вядома, што Ўладзімеру Гундару ўдалося вырашыць праблему з мыліцамі, і ён цяпер можа нармальна выходзіць на прагулкі.
«Ён атрымаў адмысловыя гумовыя накладкі на мыліцы. Цяпер з прагулкамі ўсё нібыта добра», — расказала крыніца.
Раней ад Гундара прыходзіла інфармацыя, што ў яго знасіліся наканечнікі мыліц і праз гэта ён ня мог выходзіць на прагулкі.
Краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар, фігурант справы аб тэрарызьме, як і Мікалай Аўтуховіч, асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сёлета ўжо ў калёніі над палітвязьнем адбыўся суд, паводле якога Ўладзімера Гундара на тры гады перавялі з Бабруйскай калёніі ў крытую турму № 4. Сваёй віны Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Інвалід Гундар ня можа выходзіць на прагулкі, пакуль не атрымае пасылкі з дому