Найлепш — да Польшчы, найгорш — да Беларусі. Украінцы расказалі сацыёлягам, як ставяцца да сваіх суседзяў

Акцыя беларусаў супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, Вільня, 27 лютага 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

78% рэспандэнтаў адказалі, што адмоўна ставяцца да Беларусі, прычым большасьць зь гэтай катэгорыі (58%) выбралі адказ «адназначна нэгатыўна».

Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» супольна з сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова правялі традыцыйнае сацыялягічнае апытаньне пра вынікі 2023 году, у якім, сярод іншага, пацікавіліся стаўленьнем украінцаў да суседніх дзяржаў.

Згодна з апублікаванымі вынікамі, лідэрам па ўзроўні станоўчага стаўленьня ўкраінцаў да суседзяў стала Польшча, а найгоршы паказьнік атрымала Беларусь. Расею ў апытаньне не ўключалі.

У прыватнасьці, 78% рэспандэнтаў адказалі, што адмоўна ставяцца да Беларусі, прычым большасьць зь гэтай катэгорыі (58%) выбралі адказ «адназначна нэгатыўна». Нэўтральнае стаўленьне прадэманстравалі 12% апытаных — гэта найменшы паказьнік нэўтральнасьці сярод усіх суседзяў Украіны. Пра станоўчае стаўленьне да Беларусі заявілі толькі 4,9% рэспандэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вёску хіліць да Расеі. Як адрозьніваюцца грамадзкія настроі беларускіх гараджанаў і вяскоўцаў

У той жа час большасьць апытаных лічаць, што і насельніцтва Беларусі адмоўна ставіцца да Ўкраіны: 61%, зь якіх 41% — адназначна адмоўна. У станоўчае стаўленьне беларусаў да Ўкраіны вераць толькі 7% украінцаў, якія ўзялі ўдзел у апытаньні.

Лідэрамі па станоўчым стаўленьні ўкраінцаў сталі Польшча (66% рэспандэнтаў), Малдова (49,5%) і Румынія (46,9%). Да Славаччыны станоўча ставяцца 38,5%, а да Вугоршчыны — 21,1% апытаных.

У апытаньні, якое праводзілі з 8 да 15 сьнежня мэтадам face-to-face ва ўсіх рэгіёнах Украіны, узялі ўдзел 2019 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасьць выбаркі не перавышае 2,3%. Пры гэтым, як адзначаюць сацыёлягі, дадатковыя сыстэматычныя адхіленьні выбаркі могуць быць выкліканыя наступствамі расейскай агрэсіі, у прыватнасьці, вымушанай эвакуацыяй мільёнаў грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мяняліся грамадзкія настроі ў Беларусі ў 2023 годзе