Музычны крытык, стваральнік youtube-каналу «Міністэрства сепультуры» Аляксандар Чарнуха ў размове са Свабодай прааналізаваў музычныя вынікі 2023 году. Экспэрт мяркуе, што падзел на ўнутрыбеларускую і эмігранцкую музыку на сёньня ўсё ж штучны.
«Я б ня стаў дзяліць беларускую музыку на эмігранцкую і неэмігранцкую, бо гэта вельмі штучны падзел. Кожны творца робіць рэфлексію з таго, што зь ім адбываецца, і выдае матэрыял, у якім асэнсоўвае тое, што ў яго ў галаве. Таму гэта ўсё — здабытак беларускай музыкі, яна адзіная і непадзельная», — кажа Аляксандар Чарнуха.
Па словах экспэрта, сёньня ня варта казаць, што эмігранцкая музыка актыўная, а беларуская не. Чарнуха таксама мяркуе, што ў 2023 годзе ў Беларусі выходзіла нашмат больш цікавых альбомаў, чым у эміграцыі.
«Нельга гаварыць, што вось у Беларусі нічога не адбываецца. Там адбываецца цікавая музычная сцэна. Так, музыкі ня маюць магчымасьці выступаць, але яны запісваюць студыйны музычны матэрыял, і ён вельмі клясны», — гаворыць крытык.
Новыя альбомы, якія ў 2023-м выйшлі на тэрыторыі Беларусі
Гурт Syndrom samazvanca на пачатку году запісаў новы экзыстэнцыйны альбом «Vostraŭ skarhaŭ» з 8 кампазыцый.
Альбом запісаны цалкам у Беларусі, хлопцы з «Syndrom samazvanca» выехалі з краіны пазьней.
«Псыхадэл-рок, крыху панку, краут-рок — па сутнасьці, пісаць у гэтым выпадку пра музычныя падрабязнасьці неяк дробна, бо гэта неймаверны альбом, які схоплівае „невыноснасьць“ нашага быцьця, заносіць цябе ў прастору пэрсанальнай і творчай свабоды... Нечаканыя распрацоўкі ў кампазыцыях — рытмічныя запавольваньні/паскарэньні, танальныя аднаўленьні, тэматычныя адгалінаваньні, вольнасьць музычнай думкі — усё гэта заварожвае і прымушае сачыць за музыкай альбома зь вялікай цікавасьцю і асалодай...» — так ацаніў альбом Аляксандар.
У тэкстах і музыцы ёсьць шмат прывітаньняў і зваротаў – да прыкладу, да гурту Ulis, Артура Клінава, Альгерда Бахарэвіча. Адзін з сынглаў «Aliena K.», прысьвечаны мастачцы Алене Кіш.
Альбом на Apple music.
Слоган музыкаў — «Торфу ў кожную хату!»
Гомельскі гурт Torf, які зьявіўся на аскепках гурту «ТТ34», запісаў новы альбом «Рамантыка ня ў модзе». У яго ўваходзіць 11 кампазыцый, у тым ліку тыя, якія даўно сталі папулярнымі. Кліп «Людзі на балоце» зьявіўся ў 2020 годзе, крыху пазьней — «Артыст», «Мэнэстрэль».
«Раю ўсім паслухаць. Безадносна таго, што гэта мэтал, гэта вельмі моцны, магутны матэрыял у добрым сэнсе – зь яскравымі мэлёдыямі, з кляснымі тэкстамі, зь неймаверным візуалам. Гэта музыка для вялікіх пляцовак і буйных фэстываляў! На жаль, цяпер калектыў не выступае, са зразумелых прычынаў. Але можна паслухаць студыйныя запісы, яны таго вартыя», — кажа Аляксандар Чарнуха.
LIFO (Last In First Out, апошні ўвайшоў, першы выйшаў). Калі дакладна, у перакладзе на празаічную мову гэта «спосаб арганізацыі і маніпуляваньня дадзенымі адносна часу і прыярытэтаў».
«Гэта клясны шугейзавы праект (шугейз – разнавіднасьць альтэрнатыўнага року. – РС). LIFO я для сябе адкрыў у 2023 годзе. Музыка вельмі якасная, такі саўнд-дызайн, яскравыя мэлёдыі, сумныя абстрактныя тэксты. LIFO вельмі якасна цытуюць клясыку, з павагай да першакрыніц. Іх можна назваць нашчадкамі Slowdive. «Atoire Sakidashi» — вельмі густоўна зроблены альбом», — так ацэньвае яго Аляксандар Чарнуха.
Гэта шосты альбом Palina (Паліна Рэспубліка, Паліна Паланейчык).
У альбоме «Ні берага, ні дна» 10 песень, зь якіх толькі дзьве выходзілі раней сынгламі. Ёсьць дзьве беларускамоўныя кампазыцыі: Mafia і «Саломкі». Першая — гітарна-электронная, на вершы паэта Віктара Жыбуля, другая — спалучэньне электронікі з фолькам.
«У альбоме сабраны песьні з розных адчуваньняў і пэрыядаў майго жыцьця. Ёсьць пра цяжкія падлеткавыя драмы і тугу па іх. Ёсьць пра бессэнсоўнасьць, пра сваіх, пра дэсэрт, пра саломку. Ёсьць пра нейкія нязначнасьці, якія раптам дазваляюць трымацца на плаве. Чамусьці шмат гітар, труб, сырэн і сьцьвярджальных выказваньняў аб каханьні. Маўляў, жыць, вядома, вельмі складана, але я ўсё роўна гэта люблю і ўдзячная таму, што маю», — так ахарактарызавала свой новы альбом сама сьпявачка ў адным з інтэрвію.
Аляксандар Чарнуха лічыць Паліну ня толькі цудоўнай сьпявачкай, але і таленавітай кампазытаркай.
«Яна клясна працуе з аранжыроўкамі сваіх песень і небанальна падыходзіць да дызайну кампазыцый. З аднаго боку, «Ні берага, ні дна» сапраўды стракаты, але ў гэтым і яго галоўная асаблівасьць: кожная песьня прапрацаваная да дробязяў і не падобная да іншай, альбом гучыць парадаксальна маналітна. Галоўны трэк гэтага альбома «Чужое жыцьцё» фантастычны! Альбом вельмі круты!» — так ацэньвае кружэлку музычны крытык Аляксандар Чарнуха.
5 сьнежня выбітнаму беларускаму паэту Алесю Разанаву споўнілася б 76 гадоў. Сьпявак і аўтар песень Зьміцер Вайцюшкевіч у межах свайго музычнага праекту WZ-Orkiestra выпусьціў новы альбом «Акно». Альбом складаецца з 13 асноўных і 2 бонусных трэкаў. Песьні ў ім напісаныя на словы Разанава.
«Такога альбома ў Тодара [Зьмітра Вайцюшкевіча] яшчэ не было! Цыкль кампазыцыяў на вершы Баха айчыннае паэзіі. Голас выключна дэклямуе. Музыка штораз вынікае з тэксту, але далей разьвіваецца сама зь сябе. Тонкая гукаграфіка чаргуецца з аркестравым гучаньнем. Тая аркестра паўстае нібыта з чароўнае скарбонкі. Што рэальнае, што прывіднае, незразумела. Губляесься ў ляндшафтах, ляціш, падхоплены цячэньнем. Раптам то падлучаецца дзіцячы хор, то выбягае фартэпіяна ў духу мінімалізму, разгортваюцца пласты струнных, сьцелюцца слаі духавых, выплывае лягічны арганны акорд… Захапляльна! Невычэрпна!» — піша пра «Акно» паэт, музычны крытык і дасьледчык Віктар Сямашка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Вайцюшкевіч запісаў альбом «Акно» на вершы Алеся РазанаваБеларуская музыка ў эміграцыі
Два яркія альбомы, якія выйшлі за мяжой — «Emigranty» Лявона Вольскага і «Tam» гурту Leibonic. Лявон Вольскі жыве ў Польшчы, Сяргей Башлыкевіч — у Амстэрдаме.
14 верасьня, у свой дзень народзінаў, Лявон Вольскі прэзэнтаваў новы альбом «Emigranty». У ім 21 кампазыцыя.
«Гэта эпічнае палатно, дзе апавядаецца пра новую беларускую рэчаіснасьць — масавую эміграцыю. Хтосьці сумуе па радзіме, хтосьці чарговым разам перажывае траўматычны досьвед знаходжаньня там, нехта спадзяецца на хуткае вяртаньне… Польшча, Каліфорнія, Ізраіль, Нямеччына — «раскідала выбухам нас па Зямлі» — дзе толькі не апынуліся беларусы пасьля векапомных падзеяў 2020 году!» – піша Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.
Альбом выклікаў неадназначную рэакцыю і слухачоў, і музычных крытыкаў.
«Альбом «Emigranty» даволі карыкатурны і экстравэртны, таму што аўтар хоча сфармуляваць тое, што адбываецца з уяўным эмігрантам. Там, як мне здалося, мала асабістага, ён фармулюе нейкія генэральныя лініі і думкі. І ўзмацняе вельмі штучны водападзел: «яны» і «мы», тыя, хто зьехаў, і тыя, хто застаўся. Таму мне здаецца, ён спэкулюе на гэтых мэмах для эмігрантаў, ня вельмі зразумелых тым, хто ўнутры Беларусі.
Я ня ведаю, як успрымуць у Беларусі, але мне думаецца, ён проста ня блізкі тым, хто застаўся. Ё фармулюе нейкія мэмы і вобразы менавіта для эміграцыі. Усе гэтыя размовы па тэлефонах, песьні – яны для тых, хто выехаў. І тым самым Лявон вельмі моцна абмежаваў сваю аўдыторыю», — выказаў сваю думку Аляксандар Чарнуха.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт VOLSKI выпусьціў альбом «Лісты палітвязьням»На пачатку восені выйшаў альбом «Tam» гурту Leibonik. У ім 10 трэкаў.
«Гэты альбом — мая хроніка апошніх двух гадоў. Кароткая гісторыя таго, як жыў я. Як жылі ўсе мы… У нейкім сэнсе лічу, што гэты альбом вельмі эгаістычны. Ён пра Беларусь, пра месца, якое трэба любіць, бо гэта твая Радзіма зь вялікай літары. А яшчэ ён пра мае эмоцыі і перажываньні адносна канкрэтных падзей у жыцьці, адносна блізкіх мне людзей у Беларусі і за яе межамі. Люблю сваё жыцьцё і Беларусь як яго частку», — расказваў Сяргей Башлыкевіч.
У канцы году музыка ў інтэрвію каналу «Жыцьцё-маліна» паведаміў, што «закрыў эмігранцкую тэму».
На думку музычнага крытыка Аляксандар Чарнухі, «Tam» — вельмі інтравэртны альбом.
«Таму што ён адлюстроўвае і фармулюе думкі і пачуцьці непасрэдна творцы, лірычнага героя, зь якім штосьці адбываецца. Там сфармуляваныя вельмі шчырыя пачуцьці, я б сказаў, нават вельмі інтымныя. Ён расказвае, што зь ім канкрэтна адбываецца ў эміграцыі. Альбом Leibonic раскрываецца перад імі і апісвае менавіта свае пачуцьці: «Глядзіце, які я, зразумейце мяне». Альбом «Emigranty» з гэтым не працуе. Вольскі гэтага ня робіць», — кажа Аляксандар Чарнуха.
Новыя праграмы і сынглы
Паўнавартасных музычных альбомаў у 2023 годзе выйшла дастаткова шмат. Акрамя іх былі асобныя кампазыцыі кшталту леташняга «Экстрэміста» Юрыя Стыльскага (вышаў 30 сьнежня 2022. - РС).
«Магу адзначыць у гэтым годзе «Петлю пристрастия», якая выпусьціла першы ў сваёй гісторыі беларускамоўны сынгл «Жыцьцё як жах». Ён мне ня вельмі спадабаўся, але гэта вельмі важна для гурту.
Мае асабістае адкрыцьцё года – гэта Анастасія Рыдлеўская. Вельмі яскравы матэрыял, у добрым сэнсе нелякальны, таму што яна вельмі добра працуе з ангельскай мовай, у яе цікавыя мінімалістычныя аранжыроўкі, цікавы падыход. Вельмі прыгожы быў кліп, зьняты на песьню Bipolar», — кажа Аляксандар Чарнуха.
На яго думку, новыя праграмы — гэта тое, з чым трэба працаваць музыкам у эміграцыі.
«Альбом — гэта паўнавартасная новая праграма. Таму што цяпер эміграцыйнае жыцьцё пабудавана на бесьперапынных музычных гастролях. І тут вельмі небясьпечная штука. З аднаго боку, беларускія музыкі даяжджаюць туды, куды ніколі б не даехалі ў звычайных умовах. Таму што хваля эміграцыі сфармавала паўнавартасныя дыяспары там, дзе іх ніколі не было. І людзі ўзьядналіся там, дзе раней ня ведалі адзін аднаго, і ходзяць разам на канцэрты.
Але беларускія музыканты ў эміграцыі канкуруюць ня толькі паміж сабой, беларускімі музыкамі, але і паміж сусьветнымі, якіх прыяжджае даволі шмат. Бо калі глядач трапляе трэці ці пяты раз на адну і тую ж праграму музыканта і чуе адзін і той жа канфэранс, ён у выніку вельмі стамляецца і галасуе ўжо сваімі грашыма за нейкую ўнікальную прапанову. Таму новыя музычныя праграмы, новыя альбомы вельмі важныя», — разважае Аляксандар Чарнуха.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цемра не назаўжды. Размова з музыкам і акторам Vinsent’ам