Відэаапэратар Сяргей Чырык памёр ва ўзросьце 64 гадоў. Яго ня стала яшчэ 15 сьнежня, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Пра сьмерць Чырыка ў фэйсбуку напісаў палітоляг Сяргей Марцалеў.
За сваё жыцьця Чырык зьняў сотні відэакасэт, хоць і ня меў прафэсійнай адукацыі відэаапэратара. Сам ён прызнаваўся, што на стужках — «кілямэтры нацыянальнай памяці».
Акцыі «Талакі», утварэньне Канфэдэрацыі беларускіх суполак і БНФ, першыя сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці, Дзядоў, Дня вайсковай славы, курапацкія і чарнобыльскія шэсьці, пратэсты менскіх рабочых, выступы Зянона Пазьняка і візыт у Беларусь Біла Клінтана — гістарычныя кадры вяртаюць у эпоху, якая стала падмуркам беларускага сувэрэнітэту.
«Я, відаць, адзіны, хто захаваў архівы ў поўным аб’ёме», — казаў у свой час у інтэрвію Свабодзе Сяргей Чырык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай Пазьняк задушыцца». Як апэратар Лукашэнкі выпадкова зьняў зьнішчэньне бел-чырвона-белага сьцягаЁн быў сябрам Беларускага саюзу кінематаграфістаў, апэратарам-пастаноўнікам шэрагу дакумэнтальных фільмаў, зьнятых у «Відэацэнтры».
Захапленьню, якое перарасло ў другую прафэсію, папярэднічаў зьбег абставінаў. На пачатку 1980-х ён працаваў «каардынатчыкам» на Менскім аўтазаводзе. Токарам-расточнікам, якія працавалі з допускам у некалькі мікронаў, добра плацілі — каля 420 рублёў на месяц, у два разы вышэй за сярэдні тагачасны заробак. Калі нарадзілася дачка, а праз год сын, зрабіў сям’і падарунак — купіў кінакамэру, каб здымаць малых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відэа «Чарнобыльскага шляху» 20 гадоў таму: Захаранка наперадзе калёны, праз тыдзень ён зьнікнеУ той час пры Доме культуры МАЗу якраз утвараўся клюб аматараў даўніны «Менск». Яго ўдзельнікі распрацоўвалі маршруты па гістарычных мясьцінах, усе выдаткі на паездкі адміністрацыя брала на сябе. Чальцамі былі вядомыя цяпер асобы — Сяргей Вечар, Зьміцер Яцкевіч, Алег Дзярновіч. Як адзіны ў складзе аб’яднаньня супрацоўнік заводу Сяргей Чырык стаў кіраўніком. Неўзабаве ў гэтым статусе яго запрасілі на фэстываль кінааматараў.
На ўсесаюзным фэстывалі «Срэбная зорка», які ў Менску ладзілі прафсаюзы, 2-е месца заняў фільм пра Курапаты — «Агмень». Яго Сяргей Чырык зьняў разам з кіраўніком «МАЗфільму» Аляксандрам Шчарбініным.
«Калі арганізатары пацікавіліся, чаму перамагла аб’ектыўна слабейшая стужка, ім патлумачылі: няправільна ўганароўваць першай прэміяй пачаткоўцаў», — успамінаў апэратар.
З 1990-га і да падзелу БНФ у канцы 90-х Сяргей Чырык быў «апэратарам партыі», здымаючы многія важныя падзеі вакол яе. Акрамя таго, ён быў акрэдытаваны ў Вярхоўным Савеце ад газэты «Беларуская маладзёжная» — выданьня, што ўзьнікла ў адказ на закрыцьцё аднайменнай радыёстанцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Кебіч адзначаў Першамай пад бел-чырвона-белым сьцягам. ВІДЭАЧырык успамінаў, што ягоная дзейнасьць як парлямэнцкага карэспандэнта скончылася пасьля пабіцьця дэпутатаў Вярхоўнага Савету. У кампаніі з дэпутатамі Сяргеем Калякіным і Мечыславам Гіруцем яны апошнімі выйшлі з Авальнай залі, зачыніўшы за сабой дзьверы.
Апошнімі гадамі Сяргей Чырык адлічбоўваў свае архівы, нягледзячы на тэхнічныя і фінансавыя праблемы.
Што здымаў Сяргей Чырык
- Як у жніўні 1991 году прыхільнікі БНФ дамагліся прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.
- Як менскія рабочыя страйкавалі і прымусілі кіраўніка ўраду Кебіча зьняць перад імі капялюш.
- Як прэзыдэнт ЗША наведаў Курапаты і адкрыў там мэмарыяльны знак ад амэрыканскага народу («лаву Клінтана»).
- Як будучы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка пачынаў палітычную кар’еру.
- Як відэаапэратар апошнім пакінуў Авальную залю разагнанага Вярхоўнага Савету.