Цяпер пратакол аб далучэньні Швэцыі да NATO павінен прыняць увесь турэцкі парлямэнт, але дата галасаваньня пакуль не вядомая.
Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг пазьней 26 сьнежня прывітаў рашэньне ключавога парлямэнцкага камітэту ў Турэччыне. Столтэнбэрг заклікаў Анкару, а таксама Вугоршчыну, завяршыць ратыфікацыю швэдзкай заяўкі «як мага хутчэй».
Праз супрацьдзеяньне з боку Турэччыны і Вугоршчыны пляны Стакгольма ня могуць прайсьці неабходнае ўзгадненьне ўжо крыху больш за паўтара года. Нядаўна, як адзначае AFP, зьявілася новая перашкода. У сувязі з гэтым агенцтва нагадвае, што прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган ўвязаў шведзкую заяўку з запытам да ЗША на пастаўку Анкары зьнішчальнікаў F-16.
Асноўная прэтэнзія да Швэцыі заключалася ў тым, што Анкара абвінавачвала гэтую краіну ва ўкрывальніцтве чальцоў баявых груп, якіх Турэччына лічыць тэрарыстамі. Найперш гаворка ідзе пра забароненую ў Турэччыне Працоўную партыю Курдыстану. Пасьля таго, як Стакгольм аб’явіў аб узмацненьні антытэрарыстычнага заканадаўства, прэзыдэнт Эрдаган папрасіў парлямэнт запусьціць працэс ратыфікацыі швэдзкай заяўкі.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Швэцыя, нароўні зь Фінляндыяй, адмовіліся ад палітыкі ваеннага нэўтралітэту, якога дзьве скандынаўскія краіны прытрымліваліся на працягу дзесяцігодзьдзяў. Іх намер атрымаў паскоранае ўхваленьне ўсіх чальцоў NATO, за выключэньнем Турэччыны і Вугоршчыны. Пры гэтым усе рашэньні ўнутры альянсу павінны быць аднагалоснымі.
Фінляндыя ў выніку была прынята ў Паўночнаатлянтычны альянс у красавіку ў якасьці 31-го сябра арганізацыі.