26 сьнежня на імя Ігара Лосіка прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». Судовы выканаўца патрабуе тэрмінова спагнаць з Лосіка «выдаткі на ўтрыманьне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб выканаўчым вядзеньні“».
У выпадку няяўкі да судовага выканаўцы «бяз важкай прычыны» Ігара Лосіка могуць «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 25.6 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях», пазначана ў позьве.
Асадкай унізе аркуша напісана: «Зьвяжыцеся тэрмінова з судовым выканаўцам».
З позвы вынікае, што ў аддзеле прымусовага выкананьня Баранавіцкага раёну і Баранавічаў ня ведаюць, што Лосік ужо 3,5 года знаходзіцца за кратамі.
Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прызначыў яму 15 гадоў калёніі. Пакараньне журналіст Свабоды адбывае ў Наваполацкай калёніі № 1. З 20 лютага 2022 году сувязі зь ім няма. Паводле інфармацыі дасьведчанай крыніцы, Ігар ужо больш за 6 месяцаў знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, за што палітвязень Ігар Лосік трапіў у ПКТ, дзе знаходзіцца паўгода18 кастрычніка 2021 году затрымалі жонку Ігара Дар’ю Лосік, у студзені 2022 году яе асудзілі на 2 гады за камэнтар тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Дар’я адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі № 4.
У Ігара і Дар'і Лосікаў ёсьць чатырохгадовая дачка Паўліна, апеку над якой аформілі Дар’іны бацькі. Ад дзяржаўнай дапамогі на дзіця яны адмовіліся, гадуюць і выхоўваюць унучку разам з бацькамі Ігара.
Гэта ўжо ня першая позва, якая прыходзіць на імя Ігара Лосіка з суду і аддзелу прымусовага пакараньня Баранавіцкага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазыцыянавала сябе як жонку палітвязьня». Дар’я Лосік год за кратамі