Сейм Літвы ўхваліў папраўкі да закону аб прававым статусе замежнікаў. Сярод іншага, новыя нормы дазволяць выдаваць беларусам, што прыбылі ў краіну пры пасярэдніцтве МЗС, дазвол на жыхарства з гуманітарных меркаваньняў не на адзін, а на тры гады, паведамляе LRT.
«Гэтая папраўка надзвычай важная для беларускай апазыцыі, для больш як 750 беларускіх грамадзян, якія ўцяклі ў Літву ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі і чые дазволы на часовае пражываньне даводзіцца падаўжаць кожны год на гэтай падставе, а сытуацыя ў Беларусі не мяняецца і, на жаль, ня зьменіцца, мабыць, яшчэ доўга», — заявіў старшыня камітэту замежных спраў, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» у літоўскім Сейме Жыгімантас Павілёніс.
Закон накіравалі на подпіс прэзыдэнту Гітанасу Наўседу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 86% беларусаў, якія нядаўна пераехалі ў Літву, заявілі, што пакінулі радзіму з палітычных прычынаў- Прапанову павялічыць тэрмін дзеяньня гуманітарнага дазволу на жыхарства да трох гадоў унесла міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Яна аргумэнтавала гэта тым, што такія дазволы выдаюцца ў асноўным грамадзянам Беларусі, якія ратуюцца ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сытуацыя ў краіне «доўгі час не мяняецца», беларусы «ня могуць вярнуцца на радзіму пасьля заканчэньня году і вымушаныя падаваць новую заяўку» на дазвол на жыхарства.
- На думку міністра, павелічэньне тэрміну дзеяньня гэтага дакумэнту дазволіла б пазьбегнуць нязручнасьцей, выкліканых неабходнасьцю часта яго мяняць, а Дэпартамэнт міграцыі пры МУС зэканоміў бы адміністрацыйны рэсурс на апрацоўку заяў.
- Камітэт Сейму па нацыянальнай бясьпецы і абароне, які ўзначальвае дэпутат Лаўрынас Кашчунас, выступіў супраць гэтай прапановы, камітэт па замежных справах гэтыя папраўкі падтрымаў.
- 4 сьнежня Кашчунас, яго калега Аўдронюс Ажубаліс, а таксама намесьнік старшыні парлямэнту Паўлюс Саўдаргас зарэгістравалі законапраект, які прадугледжвае абмежаваньне выдачы беларусам часовага дазволу на жыхарства.