Іранскія дзяржаўныя СМІ 25 сьнежня ідэнтыфікавалі камандзіра як Разі Мусаві, заявіўшы, што ён быў забіты ў выніку авіяўдару каля сталіцы Сырыі Дамаска.
Поўныя падрабязнасьці нападу не апублікаваныя, хоць афіцыйнае іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA паведаміла, што яно адбылося ў прыгарадзе Дамаска.
Прэзыдэнт Ірана Эбрагім Раісі заявіў, што Ізраіль «абавязкова заплаціць за гэтае злачынства».
Агенцтва Reuters спасылаецца на тры крыніцы, якія кажуць, што Мусаві адказвае за ваенную каардынацыю паміж Тэгеранам і Дамаскам у складзе сіл КВІР «Кудс».
Інфармацыйнае агенцтва Tasnim, блізкае да КВІР, заявіла, што Мусаві быў адным з найвышэйшых дарадцаў у сілах у Сірыі і «паплечнікам» Касема Сулеймані, камандзіра «Кудса», які загінуў у студзені 2020 года ў выніку авіяўдару ЗША каля Багдаду. ЗША прызналі Сулеймані адказным за гібель многіх сваіх салдат у Іраку.
Ізраіль не пракамэнтаваў атаку, але раней Тэль-Авіў пастаянна заяўляў, што не дазволіць Ірану ўсталяваць прысутнасьць у Сырыі. Прэзыдэнт Сірыі Башар аль-Асад зьяўляецца блізкім саюзьнікам Ірана і Расеі, абапіраючыся на іх падтрымку, каб заставацца ва ўладзе, нягледзячы на вялікую апазыцыю і грамадзянскую вайну ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Клубок, які немагчыма разблытаць. Пра адказнасьць за вайну на Блізкім Усходзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры дзесяцігодзьдзі «Аль-Кудс». Гісторыя іранскіх спэцпадразьдзяленьняў і тэрору