Інфармацыю пра перавод палітвязьняў з калёніі ў Івацэвічах у іншыя ўстановы пакараньня Свабода атрымала ад сваякоў тых, хто цяпер у зьняволеньні. Адна з крыніц, вартая даверу, распавяла, што з «Воўчых нораў» пераводзяць «палітычных» у калёнію № 1 Наваполацку. Адпаведна, па словах крыніцы, некаторых вязьняў з Наваполацку перавядуць, як мяркуецца, у Івацэвічы.
Іншая крыніца, зьвязаная з палітвязьнямі, паведаміла, што 23 сьнежня ўжо адбыўся першы этап вязьняў з івацэвіцкай калёніі. «Вядома, што пераводзяць у іншыя калёніі 14 чалавек з івацэвіцкай калёніі. Гэта тычыцца „палітычных“ з вялікімі тэрмінамі, якія ў сьпісе „тэрарыстаў“. Наколькі вядома, пераводзяць у розныя калёніі. Як нам стала вядома, тых, у каго невялікія тэрміны, гэтае „новаўвядзеньне“ не датычыцца», — зазначыла крыніца.
Паводле суразмоўцы, перавод будзе ў два этапы. Першы пачаўся 23 сьнежня, другі можа быць праз тыдзень", — дадала крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не дабіліся вызваленьня палітвязьняў». Падзея, параза, перамога, страты і героі 2023-га паводле Сьвятланы ЦіханоўскайПаводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», у івацэвіцкай калёніі №22 адбываюць пакараньне як найменш 70 палітвязьняў. Зь іх у «тэрарыстычны сьпіс» уключаны 22 чалавекі. Прычым тэрмін зьняволеньня ў некаторых «тэрарыстаў» – 3-4 гады пазбаўленьня волі. Напрыклад, у сьпіс «тэрарыстаў» уключаны журналіст Дзьмітрый Семчанка, які раней працаваў у «пуле прэзыдэнта». Тры гады пазбаўленьня волі ён атрымаў за «распальваньне варожасьці».
У івацэвіцкай калёніі таксама адбываюць пакараньне вязьні зь вялікімі тэрмінамі. Да прыкладу, тут знаходзіцца Аляксандр Францкевіч, актывіст анархісцкага руху. Ён атрымаў 16 гадоў і 9 месяцаў пазбаўленьня волі.
У гэтай жа калёніі знаходзяцца вязьні, уключаныя ў сьпіс «тэрарыстаў»: анархіст Дзьмітры Рэзановіч (19 гадоў калёніі), Валер Троцкі, якога асудзілі да 12 гадоў за «здраду дзяржаве», Вадзім Васільеў (12 гадоў за адміністраваньне чатаў), Сяргей Канавалаў (15 гадоў за «акт тэрарызму»), Арцём Воўна (8 гадоў), Аляксандр Петушкоў (7 з паловай гадоў калёніі), Аляксандар Сідарэнка (8 гадоў), Аляксей Кузьмін (7 гадоў), Сяргей Спарыш (6 гадоў), Андрэй Чапюк (5 гадоў і 9 месяцаў) і іншыя вязьні.