Кампанія незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» расказвае, за вылучэньне каго ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць зьбіраць подпісы ў Менску:
Дзьмітры Шаўцоў, скандальны кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа. Займае гэтую пасаду з верасьня 2021-га.
Пад кіраўніцтвам яго Беларускі Чырвоны Крыж пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дзельнічаў у вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь. Праз гэта МУС Украіны заклікала Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт кіраўніка Дзьмітрыя Шаўцова, а сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпынілі, таксама арганізацыя пазбавілася фінансаваньня.
Таксама Шаўцоў актыўна выступаў і наракаў на «негуманнасьць Эўропы» падчас разгару штучнага міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з ЭЗ і запомніўся яшчэ некалькімі заявамі — напрыклад пра тое, што «гомасэксуальнасьць патрабуе лекаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аматар Лукашэнкі і прыёмаў у заходніх амбасадах. Што вядома пра кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа ШаўцоваВадзім Гігін, вядомы прапагандыст і галоўны ідэоляг Лукашэнкі, гендырэктар «Нацыянальнай бібліятэкі», таксама ўзначальваў факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ. У зьвестках ЦВК пазначаны як сябра партыі «Белай Русі».
Гігін вядомы сваімі прарасейскімі і антызаходнімі выказваньнямі. Так, ён прапаноўваў «увесьці нулявую талерантнасьць да ўладальнікаў „Карты паляка“». Сёлета зь ягонай ініцыятывы выключылі са школьнай праграмы «Каласы пад сярпом тваім» Ўладзімера Караткевіча. Таксама ён уваходзіць у склад камісіі па вяртаньні палітуцекачоў.
У перадачы «Азарёнок. Напрямую» ідэоляг Лукашэнкі крытыкаваў канфэрэнцыю дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», якая прайшла 8 і 9 жніўня 2022-га ў Вільні. Ëн пагражаў апанэнтам рэжыму за мяжой забойствамі. Восеньню 2022-га Гігін езьдзіў назіральнікам на «рэфэрэндум» у так званую «Луганскую Народную Рэспубліку». Ён патрапіў у апошні санкцыйны сьпіс Эўразьвязу супраць Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыў быць конюхам, а цяпер выступае ў Салаўёва. Што вядома пра прапагандыста Вадзіма ГігінаАляксандар Барсукоў, сумнавядомы былы намесьнік міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, які займаў гэтую пасаду падчас пратэстаў у 2020 годзе. Супраць яго ўводзілі санкцыі ЭЗ, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — 2010, гэтак і ў 2020 годзе. У тлумачальнай частцы гаварылася, што ён асабіста каардынаваў разгоны дэманстрантаў, а таксама ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць апазыцыі.
З 2011 да 2017 году Барсукоў быў кіраўніком менскай міліцыі, ад 2017 году — намесьнікам міністра ўнутраных спраў. У 2020 годзе Барсукоў асабіста наведваў у ізалятары на Акрэсьціна затрыманых падчас акцый пратэсту. Потым міліцыянт заяўляў, што фактаў зьдзекаў зафіксавана не было.
У зьвестках ЦВК пазначана, што ён беспартыйны і працуе інспэктарам па Менску Адміністрацыі Лукашэнкі. У 2022 годзе Барсукоў узяў куратарства над новым асобым атрадам спэцыяльнага прызначэньня «Рысь». Асноўнымі задачамі новага атрада заяўляліся «барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі і дывэрсійнымі выведвальнымі групамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яўсееў, Барсукоў, Шуневіч. Дзе цяпер міліцэйскія начальнікі, якія разганялі акцыі пратэстуАляксандр Шпакоўскі, адзін з галоўных прапагандыстаў Аляксандра Лукашэнкі. Пазначана, што ён зьяўляецца сябрам новазарэгістраванай партыі «Белая Русь», месца працы — дарадца-пасьланьнік амбасады Рэспублікі Беларусь у Расейскай Фэдэрацыі. У 2021 годзе Шпакоўскі ўваходзіў у склад канстытуцыйнай камісіі, якая распрацоўвала папраўкі да Канстытуцыі. Трапіў у санкцыйныя сьпісы Ўкраіны за падтрымку нападу на яе. Апошнім часам ён быў актыўным удзельнікам расейскіх прапагандысцкіх шоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Правага альянсу» і ахоўніка Мілінкевіча — да працы ў пасольстве Беларусі ў Расеі. Гісторыя прапагандыста Аляксандра ШпакоўскагаАнжаліка Курчак, начальніца ўзаемадзеяньня са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасьці Генпракуратуры. Сёлета сьпікерка Генпракуратуры ў эфіры «НТВ Беларусь» абвясьціла чайлдфры пагрозаю «нацыянальнай бясьпецы і нашай дэмаграфічнай палітыцы» ды «праяваю новай дэмакратыі». Яна пахвалілася прызнаньнем «экстрэмісцкімі матэрыяламі» некалькіх Telegram-каналаў і акаўнтаў у сацсетках, прысьвечаных чайлдфры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хірургія — доля мужчын», а чайлдфры і ЛГБТ — «пагроза нацыянальнай бясьпецы». Як чыноўнікі ў Беларусі прасоўваюць сэксізм і дыскрымінацыюДзьмітры Арыхоўскі, намесьнік гендырэктара па вытворчасьці і ідэалягічнай працы «Выдавецтва «Беларускі Дом друку». Цікава, што на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе ён быў старшынём выбарчай камісіі на адным з участкаў у Менску.
Марына Лянчэўская, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. Менавіта яна ініцыявала зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія ўвялі сьмяротнае пакараньне за спробу тэрарыстычнага акту. Таксама яна зьяўлялася адказнай за падрыхтоўку законапраекту, які прадугледжваў магчымасьць вядзеньня па крымінальных справах у дачыненьні да памерлых.
Алег Гайдукевіч, бадай самы скандальны дзейны дэпутат і лідар Лібэральна-дэмакратычнай партыі. У 2022 годзе ён у складзе дэлегацыі сяброў ЛДПБ наведаў акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны нібыта з «гуманітарнай місіяй». Улетку Гайдукевіч падчас пасяджэньня «штабу патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь» выказаў прапанову, як зрабіць так, каб у прэзыдэнты ў Беларусі не маглі нават тэарэтычна балятавацца людзі, не зацьверджаныя зьверху.
Сёлета адбыўся суд па так званай справе «аб падпале дому Гайдукевіча». 18 абвінавачаным вынесьлі жорсткія прысуды тэрмінам да 25 гадоў турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 гадоў калёніі. Суд у Менску вынес выракі ў справе пра спробу падпалу дома дэпутата ГайдукевічаВадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь. Зь лютага 2010 году займае пасаду намесьніка старшыні Цэнтравыбаркаму — у тым ліку пад яго кіраўніцтва адбываюцца выбары ў Беларусі, якія прызнаюцца міжнароднымі і нацыянальнымі назіральнікамі як несправядлівыя.
Сяргей Рачкоў, старшыня Пастаяннай камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
Сяргей Клішэвіч, сябра Камуністычнай партыі Беларусі, сябра Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, былы першы сакратар Менскага гаркаму БРСМ і былы ідэоляг Менгарвыканкаму. Менавіта Клішэвіч у 2016 годзе на адкрыцьці помніка Леніну ў Менску біў і дапамагаў АМАПу затрымліваць Зьмітра Дашкевіча. 20 жніўня 2020 году падчас прадзяржаўнага роварнага прабегу дэпутат-камуніст паказваў непрыстойны жэст аўтамабілістам на праспэкце, якія сыгналілі і выкрыквалі словы асуджэньня. Вядомы сваімі адыёзнымі выказваньнямі. Так, напрыклад у 2022 годзе ў эфіры ютуб-каналу «СБ ТВ», камэнтуючы нараду ў Лукашэнкі, прысьвечаную працы Парку высокіх тэхналёгіяў, прапанаваў вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі ў Хатынь: «Каб прасякнуліся духоўнасьцю».
Андрэй Ганусевіч, намесьнік гендырэктара па ідэалягічнай працы на «Менскім падшыпнікавым заводзе». Раней займаў пасаду намесьніка начальніка Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС па ідэалягічнай рабоце і кадравым забесьпячэньні. Зьяўляецца палкоўнікам унутранай службы, беспартыйны.
Мікалай Бузін, памочнік сябра сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, ён зьяўляецца палкоўнікам, доктарам ваенных навук, раней зьяўляўся намесьнікам начальніка па навуковай працы Генэральнага штабу. Свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі і іншыя асобы, якія маюць дачыненьне да вайсковай службы: напрыклад, начальнік «Ваеннай акадэміі» Генадзь Лепешка, начальнік штаба Міністэрства ўнутраных справаў Ігар Пашкоў.
Дэпутаты ніжняй палаты парлямэнту Васіль Панасюк і Іван Гардзейчык.
Анастасія Мірончык-Іванова, беларуская лёгкаатлетка, якая выступае ў скачках у даўжыню і трайным скачку. Пазначана, што яна зьяўляецца сябрай Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, Міністэрства спорту і турызму.
Цікава, што таксама на дэпутацтва прэтэндуе Анатоль Хішчанка. У апублікаваных ЦВК зьвестках ён пазначаны як беспартыйны пэнсіянэр. Але вядома, што ў 1999 годзе быў абраны сябрам Вышэйшага савета Лібэральна-дэмакратычнай партыі, а з 2006 году па цяперашні час працаваў намесьнікам старшыні ЛДП, але па нейкіх прычынах выйшаў з партыі. Раней ён абіраўся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў 26-га скліканьня.
Свае ініцыятыўныя групы таксама зарэгістравалі дырэктаркі школаў, дырэктары каледжаў, намесьнік гендырэктара «Белсаюздруку», намесьнік начальніка «Мінскага аддзяленьня Беларускай чыгункі», рэктар Акадэміі ўпраўленьня пры прэзыдэнце, загадчыца ў дзіцячым садку, пэдагагіня-псыхалягіня з Камуністычнай партыі Беларусі, трэнэр, індывідуальны прадпрымальнік, галоўныя ўрачы менскіх бальніц ды іншыя.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.