Ва Ўкраіне былога «беркутаўца» асудзілі на 6 гадоў калёніі за катаваньні пратэстоўцаў

Майдан Незалежнасьці, Кіеў, 25 студзеня 2014

Апэляцыйны суд Кіева асудзіў былога байца атраду МУС спэцыяльнага прызначэньня «Беркут» у справе аб катаваньнях удзельнікаў Эўрамайдану ў 2013-2014 гадах.

Пра гэта паведаміла Генэральная пракуратура Ўкраіны.

Апэляцыйная інстанцыя адмяніла апраўдальны прысуд, вынесены Дняпроўскім раённым судом Кіева абвінавачанаму, які цяпер зьяўляецца дзейным супрацоўнікам паліцыі. Яго прызналі вінаватым у катаваньнях і асудзілі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.

У паведамленьні Генпракуратуры адзначаецца, што асуджаны разам зь іншымі асобамі скінулі з калянады двух удзельнікаў акцыяў пратэсту. Таксама аднаго з іх, непаўналетняга, пры тэмпэратуры −12 градусаў разьдзелі і паранілі нажом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі нацыяналіст — герой Украіны

«Пасьля гэтага яны распылілі ў пратэстоўца пярцовы газ і прымусілі прайсьці голым праз групу праваахоўнікаў, сьпяваючы гімн Украіны. Такім чынам высьмейваліся яго ідэалягічныя перакананьні. Пазьней пацярпелых абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў», — дадаюць у пракуратуры.

У лістападзе Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) заявіла, што знаходзіцца «на фінішнай прамой» у расьсьледаваньні справы Майдану. У дзясятую гадавіну Эўрамайдану ў ДБР удакладнілі, што за гэтыя гады распачата 82 крымінальныя справы і вынесена 40 прысудаў у дачыненьні да 49 чалавек.