Парлямэнт Латвіі ўхваліў адмысловую заяву, у якой асудзіў прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Расею і Беларусь.
«Гэта ня проста выкраданьне дзяцей. Гэта выкраданьне будучыні Ўкраіны», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні на сайце латвійскага парлямэнту.
У заяве дэпутаты заклікалі міжнародную супольнасьць і арганізацыі, асабліва Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і спэцпрадстаўніка Генэральнага сакратара ААН у пытаньнях гвалту ў дачыненьні да дзяцей, актыўна падключыцца да вырашэньня гэтага пытаньня, каб дзяцей, выкрадзеных з Украіны, вярнуць у іхныя сем’і або іх законным прадстаўнікам як мага хутчэй і бясьпечней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не падтрымала рэзалюцыі ААН аб парушэньні правоў чалавека на часова акупаваных тэрыторыях УкраіныПарлямэнт Латвіі таксама падтрымаў расьсьледаваньне Міжнароднага крымінальнага суду па выяўленьні і судовым перасьледзе асоб, адказных за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці на тэрыторыі Ўкраіны.
Апроч таго, дэпутаты парлямэнту Латвіі прапанавалі стварыць у адной з трэціх краін міжнародны цэнтар па вяртаньні ўкраінскіх дзяцей, які мае служыць кантактным пунктам для міжнародных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у вяртаньні ўкраінскіх дзяцей, а таксама для іхных бацькоў ці прадстаўнікоў.
Парлямэнт Латвіі таксама заклікаў іншыя краіны ўхваліць аналягічныя заявы аб незаконнасьці прымусовага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Расею і Беларусь і іх абавязковым вяртаньні ў родныя сем’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справы- Па афіцыйных дадзеных украінскіх уладаў на сьнежань 2023 году, з 24 лютага 2022 году з Украіны ў Расею дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра 700 тысяч вывезеных дзяцей.
- Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 году выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
- Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны расьсьледуецца ў рамках крымінальнай справы, якую завяла пракуратура Ўкраіны.