У Польшчы часова адключылі грамадзкі тэлеканал TVP Info

Кіраўніцтва польскіх дзяржаўных СМІ — грамадзкага тэлебачаньня, радыё і інфармацыйнага агенцтва PAP — адпраўлена ў адстаўку. Пра гэта ў сераду, 20 сьнежня, паведаміў урад Польшчы.

Як паведамляе PolsatNews, менш як праз гадзіну пасьля апублікаваньня заявы тэлеканалы TVP Info і TVP3 спынілі вяшчаньне. Сайт TVPinfo не працуе. Паведамляецца, што гэта часова.

У новым урадзе сьцьвярджаюць, што за восем гадоў, што партыя «Права і справядлівасьць» трымала ўладу, дзяржаўныя СМІ сталі сродкам прапаганды. Кааліцыя прэм’ер-міністра Дональда Туска паабяцала стварыць новыя СМІ, якія будуць мець больш збалянсаваны падыход.

Напярэдадні Сэйм Польшчы прыняў пастанову «Аб аднаўленьні прававога парадку, няперадузятасьці і цэласнасьці дзяржаўных СМІ і Польскага агенцтва друку». За пастанову прагаласавалі 244 дэпутаты, супраць — 84, а 16 дэпутатаў устрымаліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дасьць Польшча новы шанец Лукашэнку і ці адкрые мяжу


У дакумэнце Сэйм заклікаў усе дзяржаўныя органы прыняць меры, накіраваныя на аднаўленьне канстытуцыйнага парадку адносна доступу грамадзян да дакладнай інфармацыі і функцыянаваньня дзяржаўных СМІ.

Палітыкі «Права і справядлівасьці» рашэньня не падтрымалі. Многія зь іх, у прыватнасьці лідэр партыі Яраслаў Качыньскі, адправіліся да будынку тэлеканала TVP, каб «абараняць дэмакратыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем фактаў з жыцьця новага-старога прэм’ера Польшчы Дональда Туска, якому забаранялі ўезд у Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дасьць Польшча новы шанец Лукашэнку і ці адкрые мяжу