Амэрыканскія сэнатары не прагаласуюць за пакет дадатковай дапамогі Ўкраіне да пачатку наступнага году, вынікае з супольнай заявы лідэра дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чака Шумэра і лідэра рэспубліканскай меншасьці Мітча Маканэла, апублікаванай 19 сьнежня.
«Нашы перамоўшчыкі будуць вельмі-вельмі старанна працаваць у пэрыяд сьнежаньскіх і студзеньскіх вакацыяў, і наша мэта — дамагчыся чагосьці, як толькі мы вернемся», — сказаў журналістам лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр.
Адзін з кіраўнікоў рэспубліканскай фракцыі ў Сэнаце Джон Тун пацьвердзіў, што пагадненьне ня будзе дасягнутае да пачатку 2024 году. «Дэмакраты дацягнулі моманту, калі дасягнуць якой-небудзь істотнай дамовы ў пытаньнях памежнай бясьпекі да Калядаў стала немагчыма», — сказаў Тун.
Галоўным пытаньнем застаецца патрабаваньне рэспубліканцаў узмацніць іміграцыйны кантроль на мяжы ЗША з Мэксыкай. Менавіта зь яго рашэньнем рэспубліканцы ўвязваюць ухвалу дадатковай дапамогі Ўкраіне.
Раней Белы дом папярэдзіў, што да канца 2023 году ў ЗША скончацца грошы для дапамогі Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Пуцін дарэмна «робіць стаўку» на правал ЗША ў аказаньні дапамогі Ўкраіне- ЗША ўжо выдзелілі больш за 100 мільярдаў даляраў на ўзбраеньне і падтрымку Ўкраіны пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году. Прэзыдэнт Джо Байдэн запрасіў у Кангрэсу яшчэ 60 мільярдаў і заклікаў зацьвердзіць фінансаваньне да пачатку калядных вакацыяў. Палата прадстаўнікоў Кангрэсу на мінулым тыдні пайшла на вакацыі, не прыняўшы рашэньне аб законапраекце.
- Нават калі Сэнат ЗША, дзе большасьць належыць дэмакратам, пагодзіцца на адпраўку новага пакету дапамогі Ўкраіне, пакуль не зразумела, ці падтрымае яго Палата прадстаўнікоў, якую кантралюе Рэспубліканская партыя. Некаторыя рэспубліканцы пярэчаць супраць выдзяленьня грошай Кіеву.
- Акрамя таго, у студзені таксама пачнуцца праймэрыз па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі ў кожным штаце, а заканадаўцы будуць узгадняць гадавы бюджэт у спробе пазьбегнуць шатдаўну, частковага прыпыненьня працы фэдэральнага ўраду.