Пуцін і Шайгу падлічылі заходнюю вайсковую дапамогу Ўкраіне і паведамілі пра намер яшчэ больш павялічыць расейскую армію

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Пуцін пераконвае, што расейская армія «мае ініцыятыву» і паляпшае свае пазыцыі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея не адмаўляецца ад сваіх мэтаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне.

«Захад ад сваёй стратэгіі стрымліваньня Расеі і ад сваіх агрэсіўных мэтаў ва Ўкраіне не адмаўляецца. Што ж, і мы ад сваіх мэтаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі адмаўляцца не зьбіраемся», — заявіў Уладзімір Пуцін 19 сьнежня на пасяджэньні калегіі Міністэрства абароны Расеі.

Пуцін пераконвае, што расейская армія «мае ініцыятыву» і паляпшае свае пазыцыі.

«Праціўнік мае цяжкія страты і ў значнай ступені выкарыстаў рэзэрвы, намагаючыся паказаць сваім гаспадарам хоць нейкі вынік свайго расьпіяранага так званага контранаступу. Дарэчы скажу, і міт аб непаражальнасьці заходняй вайсковай тэхнікі таксама абваліўся. Усе спробы, як казалі на Захадзе, нанесьці нам ваеннае паражэньне разьбіліся аб мужнасьць і стойкасьць нашага салдата, сутыкнуліся з павялічанай моцай нашых Узброеных Сіл, патэнцыялам айчыннай прамысловасьці і абаронных вытворчасьцей», — заявіў Уладзімір Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Пуцін дарэмна «робіць стаўку» на правал ЗША ў аказаньні дапамогі Ўкраіне

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што з 1 сьнежня пачалі нарошчваць колькасны склад расейскай арміі да 1 мільёна 320 тысяч чалавек, а ў пэрспэктыве, у сувязі з пашырэньнем NATO да расейскіх межаў, — да 1,5 мільёна.

«У сувязі з уступам Фінляндыі ў NATO і наступным далучэньнем Швэцыі працягваецца фармаваньне Ленінградзкай і Маскоўскай вайсковых акругаў. Пры гэтым улічваецца падпісаная між ЗША і Фінляндыяй дамова, якая прадугледжвае выкарыстаньне амэрыканцамі 21 вайсковага аб’екта разам з усімі чатырма авіябазамі», — дадаў ён.

Паводле падлікаў Сяргея Шайгу, Украіна атрымала «ад зьнешніх спонсараў 203 мільярды даляраў, што на 30 мільярдаў больш за яе ВУП». У той жа час, лічыць ён, дапамога не дазволіла пераламаць сытуацыю на фронце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі заявіў, што перамоваў з Расеяй і перадачы ёй тэрыторый ня будзе. Што ён сказаў яшчэ

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.