Лобаў, Лазоўскі, Пушкін. Беларусы, якія загінулі за свабоду ў 2023 годзе

Зьлева направа: Міраслаў Лазоўскі, Алесь Пушкін, Эдуард Лобаў. Каляж

Цягам 2023 году на вайне ва Ўкраіне загінула сама меней 15 беларускіх добраахвотнікаў. У вязьніцах Беларусі памерлі двое палітвязьняў.

У 2023 годзе працягвалася вайна ва Ўкраіне, у якой бяруць удзел сотні беларускіх добраахвотнікаў. Беларусы ўдзельнічалі ў самых складаных баях, што адбываліся пад Бахмутам, а таксама ў іншых апэрацыях.

У самой Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць апанэнтаў рэжыму. Людзей арыштоўваюць, прысуджаюць вялікія тэрміны паводле палітычных артыкулаў, праваабаронцы фіксуюць выпадкі катаваньняў вязьняў.

Сама меней 17 беларусаў (15 добраахвотнікаў і 2 палітвязьні) цягам 2023 году аддалі жыцьцё за свае перакананьні. У гэтыя пераднавагоднія дні Свабода ўспамінае пра іх.

Эдуард Лобаў (1988–2023)

Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў у Беларусі прайшоў праз армейскі дэсант, потым уступіў у «Малады фронт». У 2010 годзе, за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, яго затрымалі разам са Зьмітром Дашкевічам сілавікі, нібыта за напад на мінакоў. Лобаў цалкам адсядзеў свой тэрмін — чатыры гады.

На волі ў Беларусі пабыў нядоўга. Сілавікі працягвалі праяўляць да яго інтарэс, таму быў вымушаны пакінуць краіну. Ужо ў 2015 годзе Эдуард далучыўся да ўкраінскіх добраахвотных батальёнаў і ваяваў на ўсходзе.

Лобаў зь дзяцінства марыў зьвязаць свой лёс з войскам, таму пачуваўся ў такім асяродзьдзі даволі добра.

Эдуард загінуў 26 студзеня ў баях пад Вуглядарам. Відавочцы ўспамінаюць, што перад сьмерцю ён у адзіночку зьнішчыў расейскі дэсант, які высадзіўся ў сэктары. Беларус выратаваў жыцьцё параненаму камандзіру.

Лобава пахавалі ў Варшаве, дзе сёньня жывуць ягоная маці і брат. Цяпер ва Ўкраіне праходзіць кампанія па наданьні Эдуарду званьня Героя Ўкраіны пасьмяротна. Летам Зяленскі прысвоіў Лобаву ордэн Мужнасьці ІІІ ступені.

Данііл Ляшук (1995–2023)

Данііл Ляшук

Ляшук, як і Лобаў, атрымаў ад прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага ордэн Мужнасьці ІІІ ступені пасьмяротна.

Данііл Ляшук з пазыўным «Маджагед» прайшоў праз групоўкі фанатаў берасьцейскага «Дынама», захапляўся ультраправымі поглядамі. Вайна 2014 году засьпела яго за вучобай у Крыме, там Ляшук далучыўся да антырасейскага супраціву.

Яшчэ да пачатку буйнамаштабнай вайны Ляшук атрымліваў цяжкія раненьні на Луганшчыне. Ён уваходзіў у склад батальёну «Тарнада». У 2015 годзе Ляшука затрымалі разам зь іншымі пабрацімамі праз падазрэньне ў катаваньнях і выкраданьнях людзей. Суд прысудзіў яму 10 гадоў зьняволеньня. На волю выйшаў у чэрвені 2021 году.

Калі ў 2022 годзе пачалася поўнамаштабная вайна, то Ляшук зноў быў сярод тых, хто ўзяў зброю ў рукі. Сьмерці яму шмат разоў зычылі расейскія ваенныя паблікі; яны адзначалі, што Ляшук адважны ваяр.

Данііл быў мусульманінам, выконваў рэп-песьні, вёў папулярныя каналы ў сацсетках, шмат для каго з моладзі ён быў кумірам. Беларуса ня стала 1 красавіка, ён загінуў у баях у Бахмуцкім раёне.

Міраслаў Лазоўскі (1973–2023)

Міраслаў Лазоўскі

Адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну», распаўсюднік кніг Міраслаў Лазоўскі не афішаваў таго, што ён знаходзіцца на вайне. Многія дазналіся пра гэта, толькі калі Міраслаў загінуў, хоць ваяваў ён зь першых дзён.

Лазоўскі меў у палку імя Каліноўскага пазыўны «Мыш». Пабрацімы расказвалі, што Міраслаў пасьля сьмерці Паўла «Волата» Суслава і Івана «Брэста» Марчука быў адным з найбольшых аўтарытэтаў сярод ваяроў, пры гэтым не імкнучыся да нейкіх пасадаў. Нават калі «Мышу» прапаноўвалі чымсьці камандаваць, то ён адмахваўся і казаў, што ня мае адпаведнай адукацыі. Былы камандзір Лазоўскага Васіль «Пацук» Верамейчык казаў, што Міраславам рухала жаданьне рабіць справу, а не праслаўляць сябе.

У вольны час Лазоўскі шмат чытаў літаратуры аб вайне, зброі, аб тым, як працуюць арміі розных краін. Ён увесь час займаўся самаадукацыяй. Нягледзячы на ўзрост, хадзіў на заданьні нароўні з 20-гадовымі хлопцамі.

Міраслаў Лазоўскі загінуў 16 траўня ў Бахмуце. Гэта былі апошнія дні абароны гораду. «Мыш» кіраваў эвакуацыяй групы батальёну «Волат», якая трапіла ў пастку ў адным з дамоў. Па будынку, дзе хаваліся беларускія ваяры, нанесла ўдар расейская артылерыя. У выніку ў тым доме загінулі адразу чацьвёра, яшчэ чацьвярых, у тым ліку кіраўніка «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, дзякуючы дзеяньням Лазоўскага атрымалася выратаваць.

Лазоўскі прыкрываў эвакуацыю, ішоў апошнім. На сабе ён таксама нёс зброю палеглых пабрацімаў. Міраслаў не пасьпеў дайсьці да схованкі некалькі дзясяткаў мэтраў. Яго цела змаглі забраць, разьвітаньне адбывалася ў Кіеве. А вось целы чацьвярых ваяроў, якія засталіся ў доме ў Бахмуце, дастаць так і не змаглі.

Невядомыя ваяры

Імёны загінулых пад Бахмутам добраахвотнікаў не называюць дзеля бясьпекі сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі. І гэта не адзінкавы выпадак.

31 ліпеня полк імя Кастуся Каліноўскага абвясьціў пра гібель адразу чатырох добраахвотнікаў. Паводле інфармацыі Свабоды, адзін зь іх загінуў падчас абстрэлаў у Данецкай вобласьці. Ён належаў да батальёну «Волат».

Трое астатніх загінулі на ўчастку фронту, які не вызначаецца занадта жорсткімі баямі. Тыя ваяры належалі да батальёну «Ліцьвін».

5 жніўня ў Данецкай вобласьці загінуў беларускі ваяр ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну з пазыўным «Мінск» (раней многія яго ведалі пад пазыўным «Грызьлі»). У Беларусі ён быў трэнэрам у тайскім боксе, меў магчымасьць жыць у ЗША, але прыехаў ва Ўкраіну. Пахавалі «Мінска» на львоўскіх могілках.

Яшчэ двое беларусаў загінулі 7 кастрычніка. Гэтыя хлопцы раней былі ў палку Каліноўскага, але незадоўга да гібелі перайшлі ў Інтэрнацыянальны легіён ГУР Украіны. У СМІ называлі пазыўны аднаго зь іх — «Бахус».

Павал Горбач (1992–2023)

Павал «Барт» Горбач

Мянчук Павал Горбач таксама быў на вайне зь першых дзён. Калісьці ў Беларусі ён быў старшыной у войску. Потым быў асуджаны за перавышэньне паўнамоцтваў. Горбач казаў, што марыць абскардзіць тое рашэньне, бо мае на руках усе доказы сваёй невінаватасьці.

У 2020 годзе Павал падтрымаў пратэсты, празь перасьлед быў вымушаны выехаць з краіны ў Польшчу. Працаваў дальнабойнікам, за гэта ён і меў пазыўны «Борт». Калі пачалася вайна, Горбач патэлефанаваў свайму сябру Зьмітру Апанасовічу, каб разам ехаць у Кіеў. Апанасовіч загінуў пад Бучай у першы месяц вайны. Потым «Борт» ваяваў у батальёне «Тэрор», названым у гонар пазыўнога Апанасовіча.

Павал Горбач быў кіраўніком выведкі «Тэрору». Ён удзельнічаў у вызваленьні Херсону ў 2022 годзе. Незадоўга да гібелі ён ажаніўся. Апошнім часам ён ваяваў не разам зь беларускімі падразьдзяленьнямі.

Алесь Пушкін (1965–2023)

Алесь Пушкін

Гэта быў адзін з самых яркіх і адметных беларускіх мастакоў і пэрформэраў апошніх дзесяцігодзьдзяў. Пушкін жыў у малым мястэчку Бобр на Крупскім раёне, удзельнічаў у мастацкіх і палітычных акцыях з канца 1980-х. Яшчэ ў 1988 годзе яго арыштавалі на пяць дзён за распаўсюд улётак да Дзядоў.

На Дзень Волі 1989 году, яшчэ пры СССР, Пушкін выйшаў з плякатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так студэнт тэатральна-мастацкага інстытуту прайшоўся па цэнтральным праспэкце Менску. За тую акцыю мастак атрымаў два гады ўмоўна, на суд прыйшоў у вышыванцы і адказваў на пытаньні па-беларуску.

У 1999 годзе Пушкін правёў пэрформанс каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта, куды прывёз тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі, які праткнуў віламі, вываліўшы гной. І за гэтую акцыю Алесь таксама атрымаў два гады ўмоўна.

У 2020 годзе Пушкін падтрымаў пратэст. Яго схапілі і пабілі, як і іншых удзельнікаў акцый. Выйшаўшы з ізалятара, сінякі на сваім целе мастак ператварыў у чарговы пэрформанс.

Крымінальную справу на Пушкіна завялі за партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму». Пушкін мог застацца за мяжой, бо ў той час, калі даведаўся пра крымінальную справу, быў у Кіеве, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У выніку мастаку за карціну прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня. У апошнім інтэрвію на волі ён казаў, што ў Беларусі будзе ў турме, але застанецца пры гэтым жывым.

Пушкін прайшоў праз вайну, ён служыў у войску ў Афганістане. Апошнім часам зьняволеньне адбываў у турме ў Горадні. Там яму і стала блага са здароўем. Пушкін памёр у шпіталі ў выніку несвоечасова аказанай дапамогі пры прабадной язьве. Пахаваны ў сваім родным Бабры.

Мікалай Клімовіч (1961–2023)

Мікалай Клімовіч

Клімовіч жыў у Пінску, вёў сацыяльныя сеткі, а таксама невялікі блог, меў інваліднасьць па стане здароўя.

Увагу міліцыю прыцягнула сатырычная карыкатура на Лукашэнку, якую Клімовіч зьмясьціў у сваім блогу. Яны палічылі, што гэта абраза Лукашэнкі. Блогера арыштавалі на трое сутак у сьнежні 2022-га, але хутка выпусьцілі да суду — праз праблемы з сэрцам.

28 лютага 2023 году судзьдзя Андрэй Бачыла па прапанове пракурора Ільлі Гузарэвіча пакараў Клімовіча 1 годам калёніі. Яго арыштавалі ў судовай залі. Клімовіч папярэджваў, што ня вытрымае тэрміну зьняволеньня, але на вынік справы гэта ніяк не паўплывала.

Памёр Мікалай 5 траўня ў віцебскай калёніі.


Усе вынікі году ад Свабоды >>>

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін — «Чалавек Cвабоды – 2023»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам Мужнасьці двух беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Ўкраіне