Хроніка перасьледу 19 сьнежня: швачак з «Элемы» затрымалі за белыя і чырвоныя стужкі; 5 гадоў калёніі за данаты палку Каліноўскага

Аляксей Бацюкоў, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сілавікі затрымалі сама меней дзьвюх супрацоўніц швейнай фабрыкі «Элема»

Відэа з затрыманымі апублікаваў раніцай 19 сьнежня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, заўважыла «Люстэрка».

Прапагандысты расказалі, што жанчыны «зрабілі сабе на працоўным месцы бчб-капішча», і паказалі фатаздымкі белых і чырвоных тканін і нітак, якія віселі ў цэху.

Адну з жанчын на камэру прымусілі сказаць, што яна «ўпрыгожвала сваё працоўнае месца і сябе незарэгістраванай сымболікай».

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал сьцьвярджае, што супрацоўніц прадпрыемства затрымалі па даносе. Які працэсуальны статус затрыманых і ці знаходзяцца яны за кратамі, невядома.

5 гадоў калёніі за 1200 рублёў данатаў палку Каліноўскага

Менскі абласны суд вынес прысуд у справе за фінансаваньне палка імя Каліноўскага. Абвінавачаньне мужчыну выставілі па ч. 2 арт 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі (фінансаваньне дзейнасьці па вэрбаваньні, навучаньні, іншай падрыхтоўцы для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяньнях), заўважыла «Наша ніва».

З паведамленьня пракуратуры аб вынесеным прысудзе вынікае, што абвінавачаны адправіў на адрас палка 10 банкаўскіх пераводаў на агульную суму звыш 1200 рублёў.

Яму прысудзілі 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 сьнежня: Затрымалі заснавальніка кампаній па вытворчасьці дронаў

Магілёўскага блогера і журналіста Аляксея Бацюкова, падобна, затрымалі

Паводле сяброў Аляксея Бацюкова, пасьля ператрусу ў яго дома і допыту ў КДБ 5 сьнежня ён не вярнуўся дахаты. Дзе ён цяпер, невядома, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

5 і 6 сьнежня ў Магілёве і магілёўскім рэгіёне прайшлі ператрусы і допыты журналістаў і актывістаў, падазраваных у сувязях з рэгіянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Магілёў. Меdia» і 6TV Bielarus, якія КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Як вынікае зь перадачы на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 4 Могилёв», былога дырэктара Музэя гісторыі Магілёва, відэаблогера і журналіста Аляксея Бацюкова вельмі жорстка затрымлівалі ўзброеныя байцы АМАП. У перадачы сьцьвярджаецца, што менавіта Бацюкоў рэдагаваў адзін з вышэйназваных мэдыярэсурсаў.

Ёсьць у відэасюжэце яшчэ адзін момант, які выклікаў пытаньні ў магілёўскага актывіста Зьмітра Салаўёва. У перадачу ўключылі фрагмэнты ягоных гутарак з Бацюковым праз Telegram, першая зь якіх адбылася 6 сьнежня.

«Аляксей распытваў мяне, як можна выехаць зь Беларусі. Але мяне насьцярожыла, што ён падрабязна распытвае пра тое, чым людзі з падобнымі намерамі звычайна не цікавяцца. 7 сьнежня ад яго быў яшчэ адзін падобны званок, і пасьля прагляду перадачы я практычна перакананы, што Бацюкоў зьвяртаўся да мяне проста ў службовым кабінэце падчас допыту. Што яго прымусілі так зрабіць, каб выпытаць інфармацыю», — расказаў магілёўскі актывіст Зьміцер Салаўёў.

Ён занепакоены тым, што нават блізкія ня ведаюць, дзе цяпер Аляксей Бацюкоў:

«Калі ўявіць сабе, што ён вырашыў выехаць зь Беларусі, то за два тыдні ён дакладна знайшоў бы магчымасьць выйсьці на сувязь. Таму я амаль што ўпэўнены: яго затрымалі і, верагодна, у межах крымінальнай справы», — кажа Салаўёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 сьнежня: новыя рэпрэсіі на шклозаводзе «Нёман»; затрымалі хакейнага трэнэра