У дакумэнце, аднак, ёсьць шэраг удакладненьняў. Так, дабраслаўленьне аднаполых саюзаў ня будзе азначаць легітымізацыю падобных адносінаў з боку Каталіцкай царквы, а сам працэс павінен адбывацца за рамкамі адпраўленьня літургій ці іншых фармальных царкоўных рытуалаў. Дабраслаўленьне «нельга даваць у спалучэньні з цырымоніямі заключэньня грамадзянскага партнэрства ці нават у сувязі зь імі», паведамляе прэс-служба Vatican News.
Вучэньне Касьцёла аб сужэнстве не зьмяняецца: гэта не літургічнае дабраслаўленьне, а «жэст пастырскай блізкасьці, які не павінен зьмяшчаць элемэнты, нават аддалена падобныя на абрад шлюбу», гаворыцца ў дакумэнце. Паводле сьцьвярджэньня Ватыкану, дабраслаўленьне ў выпадках аднаполых саюзаў грунтуецца на прынцыпе, што любоў і міласэрнасьць ад Бога могуць атрымаць усе людзі без выключэньня, калі яны гэтага просяць.
Нягледзячы на дазвол, Каталіцкая царква працягвае лічыць, што шлюб можа быць узяты толькі паміж мужчынам і жанчынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ватыкан дазволіў транссэксуалам прымаць хрост, быць сьведкамі на вясельлі і хроснымі бацькамі- У пачатку лістапада Ватыкан дазволіў трансгендэрным людзям прымаць хрост нароўні зь вернікамі-цысгендэрамі. Таксама ім дазволілі быць сьведкамі на вясельлі і хроснымі бацькамі.
- У Беларусі прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці нярэдка трапляюць пад перасьлед. Улетку 2023 году Генпракуратура Беларусі нават выступіла з ініцыятывай вызначыць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду ЛГБТ, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры, паставіўшы гэтыя зьявы ў адзін шэраг. Праваабарончыя і іншыя арганізацыі падпісалі сумесную заяву з патрабаваньнем прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў Беларусі ў сфэры сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў.