Пажадана, каб у выбарах у КР узялі ўдзел ня менш за сто тысяч чалавек, — Ягораў

Андрэй Ягораў.

Сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў адказвае на пытаньне, калі і паводле якіх правілаў адбудуцца выбары ў Раду, разважае пра тое, наколькі важная колькасьць людзей, якія возьмуць у іх удзел, і ці ня будзе Рада «перацягваць палітычную коўдру» ад Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьцісла:

  • На пачатку студзеня плянуецца канчаткова зацьвердзіць выбарчыя правілы, і ў сакавіку адбудуцца выбары.
  • Колькасьць людзей, якія возьмуць удзел у выбарах, вельмі важная.
  • Сябры КР годна вытрымалі ўдар з боку менскай улады.
  • Рэжым баіцца любых легітымных, дэмакратычна сфармаваных органаў, якія прадстаўляюць беларускі народ.
  • Каардынацыйная рада не загадвае, што рабіць Пераходнаму кабінэту і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, у яе іншая роля.

— Днямі было абвешчана пра мэханізм выбараў у новы склад Каардынацыйнай рады (КР). Чаму і якім чынам быў абраны менавіта такі варыянт выбарчай працэдуры? Як гэта адбывалася?

— Было прадстаўлена 7 канцэпцыяў выбараў. На падставе іх Аляксандар Шлык, прадстаўнік офісу Сьвятланы Ціханоўскай, вылучыў кампрамісную прапанову — з улікам лепшага з усіх прапанаваных канцэпцыяў. Аднак унутры КР ня ўсе фракцыі былі задаволеныя прапанаванай сыстэмай — напрыклад, частка фракцыяў горача падтрымлівала гендэрныя квоты.

Таму мы паставілі на галасаваньне прапанову прыняць сыстэму за аснову, каб мець магчымасьць далей яе дапрацаваць. КР за гэта прагаласавала, і можна сказаць, што гэтая сыстэма сшытая з кампрамісаў і даволі складаная. Я асабіста лічу, што яе трэба спрашчаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы высьветлілі, хто падпісаў пастановы на ператрусы ў «справе Каардынацыйнай рады»

— Калі павінен быць выпрацаваны і прагаласаваны канчатковы варыянт?

— У Статуце КР закладзена, што за тры месяцы да сканчэньня сваіх паўнамоцтваў Рада проста абавязаная прадставіць варыянт выбарчай сыстэмы ў новы склад. Так што ўжо немажліва было далей пераносіць прыняцьце гэтага рашэньня. І лепш мець за аснову нейкі варыянт, карэктаваць яго, крытыкаваць, паляпшаць — чым увогуле ня мець ніякай сыстэмы.

— Многія нават неабыякавыя да палітыкі людзі наўрад ці глыбока цікавіліся, якія асноўныя палажэньні гэтай сыстэмы. Ужо вядома, што там будуць ня толькі чальцы, абраныя прамым галасаваньнем, але і прадстаўнікі ад грамадзкіх арганізацыяў — як у позьні савецкі час?

— Ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці будзе толькі 15 працэнтаў дэпутатаў. Гэта не прызначэнцы, а людзі, якія будуць абраныя сярод розных структураў грамадзянскай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі наклалі 145 арыштаў на маёмасьць у сябраў Каардынацыйнай Рады

— Праект ёсьць. Але калі паставяць кропку і на які час прызначаць самі выбары?

— Я мяркую, што на пачатку студзеня мы мусім канчаткова зацьвердзіць выбарчыя правілы, і ў сакавіку адбудуцца выбары. Павінна быць сфармаваная выбарчая камісія, удзел у стварэньні якой будзе браць ня толькі КР, але і іншыя суб’екты, якія жадаюць узяць удзел у выбарчым працэсе.

— Аналітыкі і камэнтатары абмяркоўваюць тую колькасьць людзей, якія рэальна ў сёньняшніх умовах могуць удзельнічаць у гэтых выбарах у КР. Як гэтая колькасьць будзе ўплываць на аўтарытэт і легітымнасьць Рады? Калі возьме ўдзел 5 тысяч — гэта адна справа, а калі 200 тысяч — зусім іншая. Ці, па-вашаму, колькасьць ня мае вялікага значэньня?

— Колькасьць людзей, якія возьмуць удзел у выбарах, вельмі важная. Чым болей людзей прагаласуе, тым большая грамадзянская легітымнасьць будзе ў КР. Я думаю, што парогавае значэньне, за якое нам трэба змагацца, каб лічыць гэтыя выбары сапраўды важнымі, — каля ста тысячаў чалавек. Гэта тая лічба, за якую я б заклікаў усіх нас пазмагацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Каардынацыйнай радзе распавялі, як будуць праходзіць выбары ў новы склад

— Нядаўна некалькі чальцоў КР выступілі з крытычнай заявай, заклікаўшы распусьціць Раду. Як бы вы ацанілі гэты дэмарш, які ён меў уплыў на працу Рады?

— Дэмарш — відаць, самае лепшае слова, якое апісвае гэтую сытуацыю. За 28 дзён да сканчэньня паўнамоцтваў Рады, калі ўжо абвешчаны новыя выбары, заклікаць да роспуску Рады — гэта даволі дзіўная прапанова. Акрамя таго, тыя абвінавачаньні, якія там выстаўляюцца, не падмацаваныя ніякімі фактамі.

Гэтая група падпісантаў зьвязаная з дэлегатам Сьцяпанам Сьцепаненкам, які, у сваю чаргу, мае дачыненьне да аднаго брытанскага think tank, які прадставіў у брытанскім парлямэнце даклад, дзе быў проста паклёп і скажэньне фактаў на адрас КР. А потым высьвятляецца, што гэтая структура зьвязаная з Russia Today. Так што гэта відавочныя спробы скаардынаванай атакі на Каардынацыйную раду.

— Днямі ў Менску прайшлі ператрусы і нават накладаньне арыштаў на маёмасьць сябраў Каардынацыйнай рады. Ці паўплывала гэта на дзейнасьць сябраў КР? Можа, нехта вырашыць адмовіцца ад далейшай працы? І другое пытаньне — як бы вы патлумачылі і прааналізавалі такую рэакцыю ўладаў?

— Я б сказаў, што сябры КР годна вытрымалі гэты ўдар. Ніхто не сышоў, усе прынялі гэта як частку тых рызыкаў, якія яны ўсьведамляюць.

Вядома, гэта ўплывае на пэрспэктывы таго, як людзі будуць вылучацца ў новы склад Рады. У такіх абставінах узьнікаюць зразумелыя перасьцярогі наконт таго, ці ўсе гатовыя ісьці далей. Прынамсі, гэта прымушае людзей узважваць рызыкі. Але гэты ўдар быў вытрыманы, ён ня стаў тым, які дэматывуе і аслабляе Раду. КР працягвае сваю працу і падрыхтоўку да выбараў.

Чаму ўлада гэта робіць — таксама зразумела. Яна нэрвуецца, баіцца любых легітымных, дэмакратычна сфармаваных органаў, якія прадстаўляюць беларускі народ. Гэтая атака ўладаў накіраваная на разбурэньне прадстаўнічай альтэрнатывы, якой выступае КР. Сыстэма не прымае любую незалежную ад яе актыўнасьць, любы прыклад грамадзкай самаарганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На слуханьнях у Каардынацыйнай Радзе прапанавалі падзяліць мэты вызваленьня палітвязьняў і перамогу над рэжымам

— Некаторыя аглядальнікі кажуць, што КР, асабліва пасьля выбараў новага складу, можа спрабаваць «перацягваць коўдру на сябе» ў пэўным процістаяньні з офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Ці лічыце вы гэта пагрозай для адзінства дэмакратычных сілаў?

— Я ня думаю, што гэта пагроза. Наадварот, гэта ўнікальны выпадак, калі мы ствараем дэмакратычныя органы ўлады, дэмакратычную сыстэму кіраваньня, дзе вэртыкаль выканаўчых органаў (Пераходны кабінэт) знаходзіцца пад кантролем протапарлямэнту, КР.

Каардынацыйная рада не загадвае, што рабіць Кабінэту і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, у яе іншая роля. Яна ўзгадняе і каардынуе розныя інтарэсы, прадстаўляе агульныя стратэгіі, якія дыскутуюцца і могуць быць прынятыя да выкананьня. Але ўнікальнасьць сытуацыі ў тым, што гэта добраахвотны крок з боку Пераходнага кабінэту, каб адказаць на запыт грамадзянскага кантролю. І КР будзе прадстаўляць такую магчымасьць, вельмі патрэбную для разьвіцьця палітычнай культуры.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.