Удава экс-кіраўніка МЗС Макея патрапіла ў сур’ёзную аварыю у Новасібірску

Вера Палякова і Ўладзімер Макей. «Дзень беларускай вышыванкі» 25 чэрвеня 2017 году.

Дырэктарка беларускага ТЮГа і ўдава памерлага міністра замежных спраў Уладзімера Макея Вера Палякова-Макей трапіла ў ДТЗ. Падрабязнасьці здарэньня расказала ў сябе ў Instagram мастачка па касьцюмах ТЮГа Натальля Лазарчык.

Мяркуючы па апублікаваным відэа, Лазарчык і Палякова ехалі ў аэрапорт з гатэлю ў Новасібірску, піша «Люстэрка».

«Выходзячы ўчора з нумара ў Новасібірску, адчула вострую трывогу. Сама ж сабе адказала: „У цябе ўсё будзе добра“. Па дарозе ў аэрапорт мы з Верай Паляковай патрапілі ў жахлівую аварыю. У нас урэзаўся ідыёт, машыну са ўсяго дуру адкінула ў аўтобус. Аўто, на якім мы ехалі, рамонту не падлягае. З намі і кіроўцам усё ў парадку», — паведаміла мастачка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тэатры юнага гледача, які ўзначаліла жонка Макея, спэктакль па матывах твора Быкава пакажуць па-расейску

На сайце Беларускага ТЮГ пазначана, што 13 сьнежня Вера Палякова-Макей у Новасібірску наведвала XV Міжнародны калядны фэстываль мастацтваў. У Новасібірску і Бердску былі сыграны два спэктаклі «Майстар і Маргарыта».

Уладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 года ва ўзросьце 64 гадоў. Дакладная прычына сьмерці невядомая, паводле паведамленьняў некаторых СМІ, у яго здарыліся праблемы з сэрцам. Макей дзясяткі гадоў працаваў на дзяржслужбе і з 2012 года ўзначальваў Міністэрства замежных спраў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выступаў пад Пагоняй, размаўляў па-беларуску, але застаўся верным Лукашэнку. Чым запомніцца Ўладзімер Макей