Расейскія ўлады заявілі пра стралковы бой у Белгарадзкай вобласьці

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў. Архіўнае фота

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў 17 сьнежня паведаміў, што «на мяжы вёскі» Цярэбрана Краснаяружскага раёна «ідзе стралковы бой з праціўнікам».

Як напісаў губэрнатар Гладкоў у тэлеграме, вёска нібыта знаходзіцца пад абстрэлам украінскіх вайскоўцаў. Таксама, паводле Гладкова, пашкоджаныя лініі электраперадачы ў некалькіх вёсках.

Цярэбрана знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Сумскай вобласьцю Ўкраіны, якая рэгулярна церпіць ад абстрэлаў з сумежнай тэрыторыі Расеі. Ці значыць фраза аб баі «на мяжы вёскі» тое, што ўкраінскія вайскоўцы перасеклі мяжу, незразумела. Украінскія вайскоўцы аб баях у гэтым раёне не паведамлялі.

Расейскі тэлеграм-канал «База» сьцьвярджае, што бой пачаўся каля 11-й раніцы.

«У Цярэбрана жывуць каля 200 чалавек, жыхароў не эвакуавалі, цяпер людзі хаваюцца па хованках», — піша расейскае выданьне «База».

Так званы Рускі добраахвотніцкі корпус, які ваюе на баку Ўкраіны, раней браў на сябе адказнасьць за рэйды ў прымежныя рэгіёны Расеі, у прыватнасьці ў Бранскую і Белгарадзкую вобласьці. У час найбольш буйнога зь іх у пачатку чэрвеня на нейкі час быў узяты пад кантроль шэраг вёсак у Грайваронскім раёне Белгарадзкай вобласьці, Цярэбрана разьмешчана недалёка ад гэтага раёна. Аб баі ў Цярэбрана РДК нічога ня піша.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курскай і Белгарадзкай вобласьцях РФ удзельнікам тэрытарыяльнай абароны раздалі баявую зброю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Легіён Свабоды Расеі» заявіў пра двух загінулых падчас рэйду ў Белгарадзкую вобласьць. Міністар абароны РФ казаў пра 70